BE RU EN

Джонатан Мур: «У нас ёсць пытанні да беларускіх уладаў, якія нас вельмі сур'ёзна турбуюць»

  • 20.03.2009, 18:36

«Мы назіралі некаторыя паляпшэнні ў Беларусі, але можна зрабіць значна больш», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Часовы павераны ў справах ЗША у Беларусі Джонатан Мур.

- Спадар Мур, сёння з'явілася трывожная тэндэнцыя: некаторыя еўрапейскія палітыкі адкрыта падлашчваюцца да дыктатарскіага рэжыма ў Беларусі. Нягледзячы на грубыя парушэнні правоў чалавека, з'яўленне новых палітвязняў у турмах, разгоны мірных дэманстрацый, кажуць аб нейкай «лібералізацыі» ў Беларусі. Якая будзе палітыка новай адміністрацыі ЗША – заахвочванне дыктатарскіх рэжымаў або падтрымка і прасоўванне дэмакратыі?

- Дзякуй за пытанне. Вельмі рады магчымасці пагаварыць з вамі. Я бы апісваў сітуацыю па-іншаму. Апошні год мы назіралі за развіццём сітуацыі ў Беларусі. Некаторыя моманты змяніліся ў станоўчы бок, некаторыя - у адмоўны. Калі мы ўзгадаем жнівень мінулага года, то вызваленне палітычных зняволеных было вельмі пазітыўным крокам.

Нам казалі, што ўмовы правядзення ў Беларусі парламенцкіх выбараў восенню 2008 года будуць значна лепшымі. Аднак тыя з нас, хто назіраў за тым, як праходзілі гэтыя выбары, і тыя, хто азнаёміўся са справаздачай АБСЕ, зразумелі, што атрымалася не так, як абяцалася.

Некаторыя дэманстрацыі праходзілі без умяшання міліцыі. Было дазволена правядзенне некаторых мерапрыемстваў – такіх, як устаноўчы з'езд Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і з'езд Саюза палякаў Беларусі. Таксама было дазволена распаўсюджванне дзвюх незалежных газет «Наша Ніва» і «Народная воля». Рабіліся некаторыя крокі, якія дазволілі наладзіць шырэйшы дыялог з грамадзянскай супольнасцю.

У той жа час, некаторыя пытанні выклікаюць у нас занепакоенасць.

Што датычыцца пазіцый Еўропы, то вядома, у Еўропе прадстаўленыя разнастайныя пункты гледжання. 27 краін – ўдзельніц ЕЗ уяўляюць 27 розных меркаванняў. Аднак вельмі важна падкрэсліць, што ЗША і ЕЗ падзяляюць фундаментальныя падыходы ў тым, што датычыцца Беларусі. Гэта падкрэслівае яшчэ і той факт, што і Злучаныя Штаты, і Еўразвяз нядаўна прынялі рашэнне аб падаўжэнні прыпынення санкцый. Гэта таксама з'яўляецца паказчыкам таго, што ні Еўрапейскі Звяз, ні Злучаныя Штаты не могуць на дадзены момант спыніць санкцыі. Урад у Вашынгтоне прыняў рашэнне пакінуць амбасаду ЗША тут, у Беларусі, каб мець магчымасць працягваць дыялог з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і ўладамі. Гэта той падыход, які працягвае адміністрацыя прэзідэнта Барака Абамы.

Мы выразна далі зразумець, што гатовыя рабіць станоўчыя крокі, і мы будзем вітаць станоўчыя крокі з боку беларускіх улад.

Вядома, мы вядзем вельмі актыўны дыялог з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, і мы ўдзячныя народу Беларусі за падтрымку ў той час, калі мы цярпелі дыпламатычныя складанасці. Але, у той жа час, мы знаходзімся тут, каб падтрымліваць дыялог таксама і з уладамі.

- Ці не адбываецца падмена паняццяў, калі Вы называеце пазітыўнымі тыя крокі, якія, па вялікім рахунку, малаважныя? Правядзенне ўстаноўчага з'езду партыі БХД або вяртанне ў кіёскі дзвюх газет з невялікім тыражом, амаль не ўплывае на сітуацыю ў Беларусі. У той жа час, у краіне з'яўляюцца новыя палітвязні. А Захад усё роўна робіць акцэнт на тым, што адбываецца «лібералізацыя», прыводзячы ў прыклад нейкія малаважныя паляпшэнні, пакідаючы сур'ёзныя парушэнні без належнага ўвагі.

- Я не казаў аб «лібералізацыі». Па меры таго, як мы разглядаем сітуацыю, мы разглядаем і значныя крокі, і менш значныя. У нас ёсць пытанні да ўладаў Беларусі, якія нас вельмі сур'ёзна турбуюць, і мы ясна даем гэта зразумець. І мы можам абгаварыць гэта больш дэталёва. Той факт, што амерыканскія санкцыі адмененыя не былі, кажа аб тым, што ЗША не лічаць, што праца ў Беларусі была завершаная.

- За месяц, які прайшоў, у Беларусі адбыліся падзеі, якія сведчаць аб парушэнні правоў чалавека: у турмы былі кінутыя лідэры прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў, Уладзімір Асіпенка, актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі, жорстка разагнаныя мірныя акцыі ў Дзень Святога Валянціна і ў Дзень Салідарнасці, гвалтоўна закліканыя ў войска, нягледзячы на медыцынскія супрацьпаказанні, моладзевыя лідэры. Чаму дагэтуль не рушыла ўслед ніякай афіцыйнай рэакцыі ЗША на гэтыя падзеі?

- Давайце абгаворым гэтыя пытанні па-асобку. Вядома, мы перакананыя ў тым, што дэманстрацыі і пратэсты павінныя праходзіць без умяшання міліцыі. Напрыклад, дэманстрацыі пасля выбараў у верасні і пратэсты прадпрымальнікаў у студзені кажуць аб тым, што такія мерапрыемствы можна праводзіць без умяшання міліцыі. Наколькі мне вядома, дэманстрацыя, якая праводзілася 16 сакавіка, таксама абыйшлася без умяшання міліцыі.

- Гэта толькі пацвярджае той факт, што апазіцыя праводзіць мірныя акцыі пратэсту. А правакацыі і збіццё людзей арганізуюць улады.

- У гэтым кантэксце, вядома, сапраўды гэтак жа павінныя былі праходзіць і дэманстрацыі ў лютым, міліцыя не павінная была ўмешвацца.

Што датычыцца справаў трох прадпрымальнікаў, мы ўважліва сочым за развіццём гэтага працэсу. Двое з іх з'яўляюцца былымі палітвязнямі. Сёння яны знаходзяцца пад следствам, аднак судовыя паседжанні не пачаліся. Мы выказалі зацікаўленасць у азнаямленні з доказнай базай па следстве, але нам яшчэ не была прадстаўленая такая магчымасць. Такім чынам, зараз яшчэ рана прыходзіць да якіх-небудзь высноваў па гэтай справе.

Падобная сітуацыя і са справай Арцёма Дубскага. Мы прысутнічалі на судзе па гэтай справе. І калі адбудзецца яшчэ адзін суд над ім, мы таксама будзем прысутнічаць. Мы пільна сочым за тым, як развіваецца сітуацыя вакол гэтых людзей, але лічым, што зараз яшчэ не час рабіць якія-небудзь высновы. Дарэчы, адно з маіх першых афіцыйных дзеянняў у жніўні 2006 года, калі я заступіў на пасаду, была прысутнасць на працэсе па справе ініцыятывы «Партнёрства». Нягледзячы нават на тое, што ў нас маленькая амбасада, дзе працуюць толькі пяць дыпламатаў, мы працягваем займацца гэтым і хадзіць на такія працэсы.

- У 2006 годзе ЗША увялі санкцыі ў сувязі з тым, што беларускія ўлады адмовіліся вызваляць палітычных зняволеных. Калі палітвязні былі вызваленыя, у якасці заахвочвання былі адмененыя санкцыі супраць двух прадпрыемстваў. Калі пройдуць судовыя працэсы па справах гэтых чатырох затрыманых актывістаў апазіцыі, і ЗША і Еўразвяз прызнаюць іх палітвязнямі, то ці будуць Злучаныя Штаты змагацца за гэтых палітвязняў гэтак жа, як змагаліся за вызваленне ранейшых?

- У цяперашні час не хачу рабіць здагадак. Былі выпадкі, калі людзі задаваліся пытаннем аб матывах правядзення гэтых працэсаў. Былі выпадкі, калі рабіліся высновы аб тым, што людзі не вінаватыя або ім прысуджаліся штрафы. Мусіць, варта ўсё ж такі пачакаць. Мы паглядзім, як будзе развівацца сітуацыя. І мы спадзяемся, вядома, што будзе зроблена больш пазітыўных крокаў, што дазволіць нам правесці наступнае прыпыненне санкцый.

- Беларускія праваабаронцы заяўляюць аб тым, што зараз у краіне адбываюцца ўтоеныя формы рэпрэсій, гэта значыць рэжым стаў хітрэйшым. Калі раней ён адкрыта кідаў людзей у турмы за палітыку, то зараз супраць актывістаў апазіцыі фальсіфікуюць крымінальныя справы, на дэмакратаў здзяйсняюць ціск падатковыя органы, моладзевых лідэраў прымусова адпраўляюць у войска. Заходняму чалавеку вельмі цяжка зразумець, што тут адбываецца. Ці можна чакаць, што міжнародная супольнасць будзе ўважлівая да такіх справаў?

- Я думаю, мы з расплюшчанымі вачыма глядзім на сітуацыю ў Беларусі. Менавіта таму ў нас тут амбасада. Як дыпламатаў, нас вучаць назіраць за такімі сітуацыямі ва ўсім свеце. І дзяржсакратар Клінтан дала выразна зразумець, што пытанне захавання правоў чалавека вельмі яе цікавіць.

Мы разглядаем цэлы комплекс фактараў, як сітуацыя развіваецца ў прынцыпе, а таксама ўважліва назіраем і за грамадзянскай супольнасцю, каб разумець палітыку і матывы розных арганізацый. І вядома, улічваючы ўсё гэта, прымаецца рашэнне аб тым, якія дзеянні прадпрымаць альбо якія заявы рабіць.

- Для Амерыкі ідэалы Свабоды і Дэмакратыі заўсёды былі святыя. ЗША заяўлялі аб неабходнасці прасоўвання гэтых ідэалаў ва ўсім свеце. І ў большасці выпадкаў Ваша краіна была прынцыповая па стаўленні да дыктарскіх рэжымаў. Як вы ставіцеся да ўключэння лукашэнкаўскай Беларусі ў праграму Еўразвяза «Ўсходняе партнёрства» нараўне з дэмакратычнымі Ўкраінай і Грузіяй, а таксама да запрашэння беларускага дыктатара на саміт ЕЗ у Прагу?

- Мы разглядаем праграму «Ўсходняе партнёрства» як вельмі важную ініцыятыву Еўразвяза, Злучаныя Штаты не іграюць у гэтым ніякай ролі. Гэтая праграма ўключае ў сябе яшчэ шэраг краін акрамя тых, якія Вы ўжо згадалі, - гэта Малдова, Арменія і Азербайджан. І гэтыя краіны знаходзяцца на розных прыступках палітычнага і эканамічнага развіцця.

У Еўрапейскім Звязе зараз вядуцца дыскусіі аб падыходзе да запрашэння лідэраў на саміт. Ёсць сур'ёзныя прычыны таго, чаму Беларусь не павінная быць выключаная з працэсаў, якія адбываюцца ў гэтым рэгіёне. Было бы няправільна выключаць Беларусь як суверэнную краіну з такога рэгіянальнага аб'яднання краін. Але, як я ўжо сказаў, вядуцца вельмі актыўныя абмеркаванні, і Еўразвяз будзе прымаць уласнае рашэнне па гэтым пытанні.

- Але, па вялікім рахунку, гаворка ідзе не аб народзе Беларусі, а аб легалізаванні рэжыму, які Дзярждэпартамент ЗША назваў «апошняй дыктатурай Еўропы».

- ЗША і шматлікія еўрапейскія краіны маюць тут амбасады і падтрымліваюць дыпламатычныя кантакты з Беларуссю. Мы выразна выяўлялі свой пункт гледжання на тое, як развіваецца сітуацыя ў Беларусі. Але нават у 2006 годзе Злучаныя Штаты даслалі сюды амбасадара, якая ўручыла Аляксандру Лукашэнке даверчыя граматы; я прымаю ўдзел у мерапрыемствах на дзяржаўным узроўні, на якіх ён прысутнічае. Большасць амбасадараў еўрапейскіх амбасад таксама ўручалі даверчыя граматы – гэта быў афіцыйны крок. Гэта значыць гэта не такі выпадак, як на Кубе, з якой мы не падтрымліваем дыпламатычных адносін, або ў Іране, дзе ў нас няма ні амбасады, ні дыпламатаў. Таму я не думаю, што гэта такое крытычнае пытанне для еўрапейцаў.

- Але пасля ўключэння Беларусі ва «Ўсходняе партнёрства» Лукашэнка будзе казаць аб тым, што яго прызнае Еўропа, будзе атрымліваць крэдыты на падтрыманне свайго рэжыму. Вы згодныя з тым, што ўключэнне дыктатарскай краіны ва «Ўсходняе партнёрства» больш сур’ёзнае, чым уручэнне даверчых грамат?

- Сапраўды кажучы, я не разглядаю гэта такім чынам. Толькі што ў Менск прыязджаў Хаўер Салана. Беніта Ферэра-Вальднер таксама хацела прыехаць сюды і сустрэцца з Лукашэнкай. Гэта з'яўляецца паказчыкам таго, што Еўропа гатовая сустракацца на вельмі высокім узроўні. І ці будзе ён запрошаны на саміт альбо не – гэта залежыць ад Еўрапейскага Звяза. Я думаю, што ў розных бакоў будзе сваё ўласнае тлумачэнне таго, хто і куды запрашаецца.

- Наколькі магчымае падаўжэнне санкцый з боку ЗША у адносінах беларускага рэжыму ў выпадку яшчэ большага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне?

- Як я ўжо казаў, мы сочым за развіццём сітуацыі ў Беларусі вельмі пільна і з вялікай цікавасцю. Прызнаем, што мы ўвялі значныя санкцыі супраць «Белнафтахіма» і даччыных прадпрыемстваў у 2007 годзе. Я не магу сказаць, якія рашэнні будуць прымацца ў Вашынгтоне. Не хачу выключаць прыняцця якіх-небудзь рашэнняў цяперашнім і будучымі прэзідэнтамі. У цяперашні момант абмяркоўваецца не магчымасць наступных увядзенняў санкцый, а магчымасць іх зняцця.

Мы лічым, што было б лепш апынуцца ў сітуацыі, калі мы маглі б казаць аб прыпыненні альбо нават адмене санкцый. Як я ўжо казаў раней, мы сочым за развіццём падзей. І ў маі ўрад у Вашынгтоне будзе зноў аналізаваць прадпрынятыя крокі. Нам неабходна прыняць чарговае рашэнне па прыпыненні санкцый да 1 чэрвеня.

Падыходы і ў Еўрапейскага Звяза, і ў Злучаных Штатаў могуць быць рознымі, але ў асноўным, у фундаментальных пытаннях, механізмы нашай палітыкі падобныя. У нашым выпадку мы змаглі адрэагаваць даволі хутка летась. І, вядома, нашыя санкцыі, уведзеныя супраць «Белнафтахіма», не былі эквівалентныя тым, якія ўвяла Еўропа. Я заклікаю ўсіх у Беларусі - і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, і ўлад разглядаць фундаментальную палітыку і Злучаных Штатаў, і Еўразвяза. Як вы ўжо не раз чулі ад мяне, мы працягваем шчыльна супрацоўнічаць і тут, у Менску, і ў еўрапейскіх сталіцах, і ў Вашынгтоне.

Мы назіраем за сітуацыяй, падзяляючы адныя і тыя жа фундаментальныя прынцыпы. Разам са шматлікімі краінамі Еўразвяза мы з'яўляемся ўдзельнікамі НАТА. Мы ўсе, як і Беларусь, з'яўляемся сябрамі АБСЕ. Вядома, вельмі проста знайсці адрозненні ў меркаваннях і механізмах. Маё асабістае меркаванне – я не думаю, што добра, калі Еўропа чамусьці крытыкуецца, а ЗША – усхваляюцца, ці наадварот. Я не думаю, што можна знайсці адрозненні паміж асноватворнымі падыходамі ЕЗ і ЗША. Аб гэтым можна казаць у розных кантэкстах, але працаваць разам значна важней, чым працаваць паасобку.

- Тым не менш, беларусы адзначаюць вялікую прынцыповасць у пытанні правоў чалавека з боку ЗША.

- Занепакоенасць еўрапейцаў правамі чалавека – гэта асноватворны прынцып іх санкцый. Быўшы адной краінай, а не дваццаццю сямю, і валодаючы некалькі іншым заканадаўствам, Злучаныя Штаты зрабілі той крок, які не зрабіў ЕЗ. Але ў нас няма прынцыповых адрозненняў з Еўропай. Еўропа прыняла крокі, уцягнулася ў дыялог з рэжымам для таго, каб абгаварыць пытанні, якія цікавяць і нас.

Мы сапраўды лічым, што санкцыі, якія мы ўвялі, прывялі да канкрэтных вынікаў. І са свайго боку мы прынялі рашэнне прыпыніць некаторыя санкцыі, таму што мы лічылі дадзены крок апраўданым.

- Зараз, калі адбываецца так званы «дыялог» беларускіх уладаў з Еўропай, беларуская апазіцыя заяўляе аб тым, што гэтаму дыялогу павінен папярэднічаць унутраны дыялог - паміж уладамі і апазіцыяй. Ці згодныя Вы з такім падыходам?

- Шматлікія людзі выкарыстоўваюць слова «дыялог» так, як быццам дыялог – гэтае чарадзейнае рашэнне ўсяго. Мы хацелі бы бачыць дыялог з вынікамі - адкрыты дыялог, які прывядзе да прыняцця нейкіх рашэнняў, да прагрэсу. І ў якой непасрэдна форме гэта будзе адбывацца, вырашаць тым бакам, якія вядуць гэты дыялог. Вельмі важна, каб быў дыялог беларусаў з беларусамі, які прывядзе да практычных вынікаў.

Вядома, гэта было б выдатнай парадай уладам – весці шырэйшы дыялог з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Такі дыялог мог бы мець канкрэтныя вынікі. Так, калі б ва ўмовах эканамічнага крызісу ўлады і грамадзянская супольнасць у адзін голас звярталіся з просьбай аб вылучэнні крэдыту, гэта б значна павялічыла шанцы атрымання Беларуссю такога крэдыту.

-- Вы былі сведкай таго, як у Беларусі прайшлі парламенцкія выбары 2008 года. Яны былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю несвабоднымі і недэмакратычнымі. Падобнае праходзіць у Беларусі з часоў праведзенага Лукашэнкай ў 1996 годзе рэферэндуму па змене Канстытуцыі. Ці згодныя Вы з беларускімі дэмакратамі, якія сёння заяўляюць, што першай дэмакратычнай рэформай, якую павінныя правесці беларускія ўлады, павінныя стаць сапраўды свабодныя і празрыстыя выбары?

- Мы падтрымліваем дыялог, які вядзецца паміж уладамі і АБСЕ аб занясенні змен у існуючае выбарчае заканадаўства. Працэс правядзення выбараў вельмі важны для нас. У верасні мінулага годы на некаторых выбарчых участках працэс галасавання і падліку галасоў праходзіў досыць карэктна. І ў рэчаіснасці мы былі гатовыя пры ўмове станоўчага правядзення выбараў зрабіць значна больш пазітыўных крокаў па пытанні санкцый. Паглядзім, як будзе развівацца сітуацыя, але, вядома ж, правядзенне свабодных і справядлівых выбараў вельмі важнеа.

-- У свой час ЗША спадзяваліся на тое, што ў Расеі будуць сцвярджацца дэмакратычныя ліберальныя каштоўнасці. Але гэтага не адбылося. Адбываецца зваротны працэс. Якія высновы з гэтага будуць зробленыя Амерыкай?

- Гэта не зусім правільна для Часовага паверанага ў Менску каментаваць падзеі, якія адбываюцца ў Расеі. У нас ёсць амбасада ў Маскве, дзе дастаткова супрацоўнікаў, якія могуць каментаваць гэтыя пытанні. Але я хацеў бы згадаць адзін момант у двухбаковых абмеркаваннях паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі. Наш Дзяржсакратар Хілары Клінтан прадаставіла Расеі магчымасць націснуць кнопку «перазагрузка». Мы пакуль яшчэ не можам прадаставіць такую ж «кнопку» Беларусі. Колькасць нашых дыпламатычных супрацоўнікаў была паменшаная на 90%. Мы назіралі некаторыя паляпшэнні, але можна зрабіць значна больш.

- Лукашэнка неяк прызнаўся, што прасіў у ЗША крэдыт у 5 мільярдаў даляраў ЗША, але яму было адмоўлена. Тым не менш, крэдыты Лукашэнку сёння далі Расея і МВФ. Скажыце, наколькі эканамічна мэтазгодна даваць крэдыты дыктатуры, тым самым падтрымліваючы ейнае існаванне? Бо відавочна, што грошы даюцца не народу Беларусі і не для правядзення рэформаў, а на падтрыманне існуючай у краіне рэпрэсіўнай сістэмы.

- Нас прасілі аб прадастаўленні крэдыту ў межах двухбаковых адносінаў. Прымаючы да ўвагі існуючую эканамічную сітуацыю, мы прадастаўляем двухбаковых крэдытаў. Як і ў выпадку з іншымі краінамі, мы парэкамендавалі Беларусі з пытаннем аб крэдыце звярнуцца ў Міжнародны валютны фонд. Мы спадзяваліся, што крэдыт МВФ будзе прывязаныя да структурных эканамічных рэформаў у Беларусі. Паколькі мы не ўбачылі гэтых умоваў для выдачы крэдыту з боку МВФ, Злучаныя Штаты галасавалі супраць вылучэння гэтага крэдыту. У нас няма права «вета», мы ўсяго толькі адна з краін, якая ўдзельнічае ў галасаванні.

Падчас любога эканамічнага крызісу заўсёды прысутнічае крытыка ўладаў. Дэвальвацыя беларускага рубля, вядома, была вельмі складаным і непапулярным крокам, але практычным. У выніку курс беларускага рубля знізіўся, але гэтая дэвальвацыя паспрыяла павелічэнню экспарту беларускай прадукцыі, у прыватнасці, у Расею.

З цягам часу МВФ будзе глядзець, якія яшчэ крокі неабходна распачаць. І наступныя крэдыты, якія будуць складаць у сабе неабходнасць структурных эканамічных рэформаў, будуць вітацца Злучанымі Штатамі.

Тут можа ісці гаворка аб рэформах у банкаўскай сферы, змене заканадаўства ў сферы прыватнай уласнасці, нерухомасці, зямельнага заканадаўства, правядзенні больш празрыстай прыватызацыі, Мы працягнем назіраць за сітуацыяй і весці шчыльныя кансультацыі з Міжнародным валютным фондам.

Альтэрнатывай рэформам з'яўляецца эканамічны калапс у Беларусі. Можна, вядома, абмяркоўваць фундаментальныя пытанні аб перадумовах такога калапсу, але большасць, я думаю, пагадзіцца, што такое развіццё падзей негатыўна адаб'ецца на суверэнітэце і незалежнасці Беларусі.

- Як бачым, рэжым толькі назапашвае пазыкі, не праводзячы структурных рэформ. На сённяшні дзень агульная знешняя запазычанасць Беларусі складае парадку 20 мільярдаў даляраў.

- Што датычыцца Злучаных Штатаў, то ў нас няма магчымасці ў двухбаковым парадку прадастаўляць крэдыты. Што жа датычыцца МВФ, у цяперашні час ад Беларусі не паступала запытаў аб прадастаўленні дадатковых крэдытаў. Я думаю, што абмяркоўваецца магчымасць вылучэння крэдыту ад Сусветнага банка. Нядаўняя дамова аб валютным свопе з Кітаем была вельмі цікавым крокам. Таксама быў выдадзены крэдыт Расеяй, часткі якога Беларусь працягвае атрымліваць. Я не эканаміст, але, думаю, ёсць надзея на тое, што сёлета яшчэ можна будзе зладзіць з крызісам. Паглядзім, што будзе далей, але, на мой погляд, наўрад ці Беларусь даможацца поспеху, проста атрымліваючы крэдыты альбо чакаючы атрымання новых.

-- Як у ЗША ацэньваюць актывізацыю вайсковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расеяй – стварэнне адзінай сістэмы СПА і калектыўных сіл аператыўнага рэагавання ў рамках АДКБ (якія назіральнікі ўжо назвалі «карнымі» вайсковымі групоўкамі, створанымі для прыгнечання мірных акцый пратэсту ў краінах, якія ўваходзяць у гэтую арганізацыю)?

- Мы хочам бачыць Беларусь па-ранейшаму суверэннай і незалежнай дзяржавай. Мы хацелі б, каб народ Беларусі абраў шлях палітычнага і эканамічнага развіцця. Мы, вядома жа, добра дасведчаныя аб шматбаковым, у тым ліку і вайсковым, супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Расеяй. Мы не асцерагаемся гэтага і не бачым у гэтым пагрозы. Мы, роўна як і прадстаўнікі іншых дзяржаў, працягваем інспектаваць вайсковыя аб'екты ў Беларусі, а беларусы робяць тое ж самае за мяжой.

Мы спадзяемся, што ў межах правядзення дыялогу з уладамі і калі ў нас будзе ў Менску вайсковы аташэ, у нас будзе больш магчымасцяў растлумачыць пытанні, якія датычацца размяшчэнні сістэмы СРА у Еўропе. Мы не згодныя з інтэрпрэтацыяй сітуацыі з ПРА у тым, што яна ўяўляе пагрозу Расеі або Беларусі. Магчыма, гэта яшчэ адна тэма для абмеркавання з уладамі.

-- Дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан заяўляла, што ўважліва сочыць за лёсам амерыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра, кінутага ў беларускую турму. Нядаўна скончыўся тэрмін зняволення ягонага сакратара Ўладлены Функ. Але дзяўчыну не вызвалілі, а трымалі ў ізаляцыі 8 дзён, каб пасля дэпартаваць у РФ. Як вы ацэньваеце дзеянні беларускіх улад?

-- Вызваленне амерыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра з меркаванняў гуманнасці вельмі важнае для ЗША. Ягоны асістэнт Уладлена Функ была вызваленая з турмы, але ў нас няма сігналаў аб тым, што можа быць вызвалены Зэльцэр. У замежных СМІ выказваецца шмат здагадак па гэтай падставе. Але нас вельмі турбуе асноўная праблема: Эмануіл Зэльцэр - амерыканскі грамадзянін, і ён памірае. І гэтую сітуацыю неабходна разрашыць.

- Якім спосабам Вы збіраецеся рашаць гэтую сітуацыю, калі на працягу года беларускія ўлады не чуюць Вашых заклікаў?

- Мы спадзяемся, што ў нейкі момант яны пачуюць нас. Падчас усіх абмеркаванняў з прадстаўнікамі ўлад мы падкрэслівалі і падкрэсліваем важнасць рашэння гэтага пытання.

-- Вы пражылі ў Беларусі некалькі год. Звычайна замежныя дыпламаты тактоўна распавядаюць аб краіне свайго знаходжання: багатая гісторыя і культура, выдатныя пейзажы, душэўныя людзі, перавагі ў нацыянальнай кухні. Але ж ні для каго не сакрэт, што праца заходняга дыпламата ў Беларусі – далёка не самая простая. Што пакінула самы пазітыўны і самы негатыўны след у вашым знаходжанні ў нашай краіне?

- Самым цяжкім, самым складаным быў дзень 3 мая 2008 года, калі я суправаджаў картэж машын, якія везлі маіх калегаў, іхнія сем’і і хатніх жывёлаў на мяжу з Літвой. Я не памятаю дакладную колькасць машын, але іх было не менш за дзесяць. І толькі адна машына, у якой знаходзіўся я, мая жонка і некаторыя з пакінутых дыпламатаў, вярнулася ў Менск пад амерыканскім сцягам. Мы ведалі, што павінныя працягваць сваю працу. З тых часоў прайшоў амаль год. Я ганаруся тым, чаго мы змаглі дасягнуць. І нам яшчэ вельмі шмат чаго трэба зрабіць перад маім ад'ездам у ліпені.

Што датычыцца найбольш прыемнага ўражання – іх было шмат. Гэта мой першы дзень у Беларусі, які паклаў пачатак майму трохгадоваму знаходжанню ў гэтай краіне. Для мяне было вельмі важна ў жніўні мінулага года сустрэцца з палітычнымі зняволенымі, якія вышлі на волю. Мы блізка ведалі іхнія сям'і, мы разам працавалі над іхнім вызваленнем, але сустрэцца і пагаварыць з імі асабіста - было асабліва прыемна.

Мусіць, днём, якім я больш за ўсё магу ганарыцца, быў 4 ліпеня мінулага года, калі мы праводзілі ў рэзідэнцыі амбасадара ў Раўбічах прыём, прысвечаны Дню незалежнасці ЗША. Я быў вельмі рады паказаць нашым гасцям, што ў Беларусі па-ранейшаму лунае амерыканскі сцяг. І мне было вельмі прыемна прымаць так шмат беларускіх госцяў і маіх калегаў-дыпламатаў, якія аказалі нам падтрымку ў тыя складаныя дні.

Што нас яшчэ чакае наперадзе – добрыя дні або пахмурныя – паглядзім…

- Усе беларусы, якія выязджаюць з краіны, заўсёды кажуць адно і тое ж: у свабодных краінах лягчэй дыхаецца. Вяртаючыся назад ў Беларусь, усе адзначаюць, наколькі нешчаслівымі падаюцца нашыя людзі. Што, на Ваш погляд, нам трэба зрабіць, каб дыхаць вольна ў сваёй уласнай краіне?

- Мы б, вядома, хацелі, каб беларусы маглі рабіць свае ўласныя высновы і мець выбар. Каб прааналізаваць сітуацыю ва ўласнай краіне і ў іншых краінах, я б заклікаў беларусаў выкарыстаць беларускую гасціннасць, непасрэдна запрашаць як мага больш замежнікаў у краіну, у тым ліку і дыпламатаў (смяецца). Павінная быць магчымасць падарожнічаць у іншыя краіны і атрымліваць уражанні. ЗША (я не ведаю, камплімент гэта ці абраза) называюць звышдзяржавай. Я не магу вам сказаць, што пасля 11 верасня 2001 года я адчуваў, што мы з'яўляемся звышдзяржавай. ЗША стала вінавацяць ва ўсялякіх праблемах, але рэдка аддаюць ім належнае за добрае. Мне б хацелася, каб значна больш беларусаў змаглі наведаць маю краіну і сфарміравалі аб ёй сваё ўласнае меркаванне. І тады яны змогуць вызначыць, што яны хочуць бачыць у сваёй краіне і чаго не хочуць.

Апошнія навіны