Анатоль Сідарэвіч: «Нават бальшавікі лічыліся з БНР»
- 23.03.2009, 10:28
Напярэдадні Дня Воля беларускія гісторыкі расказваюць, якую ролю адыграла БНР у станаўленні беларускага грамадства.
Гісторык і даследчык Беларускай Народнай Рэспублікі Анатоль Сідарэвіч распавеў «Ёўрарадыё» пра тое, хто стварыў беларускую дыпламатыю, чаму ў Маскве дзівіліся наяўнасці белага хлеба ў сталіцы БНР і як святкавалі 25 сакавіка ў СССР.
БНР стварыла беларускую дыпламатыю
– Гэта праўда, што паўнамоцтвы ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі прызнавалі нават бальшавікі?
– Так, бальшавікі лічылі яе спраўднай дзяржавай. У рашэнні свайго цэнтральнага камітэта яны неяк пісалі, што «трэба дамагчыся, каб паўнамоцтвы ўрада БНР былі перададзеныя ўраду БССР». Значыць бальшавікі прызнавалі за ўрадам БНР паўнамоцтвы.
– На якія структуры ў рэгіёнах Беларусі абапіралася БНР?
– БНР абапіралася на беларускія рады, якія працавалі ў Магілёве, Гродне, Ваўкавыску, іншых гарадах. Вельмі знакамітая Слуцкая рада, якая ў 1920-м падняла антыбальшавіцкае паўстанне. Гэта былі сялянскія і работніцкія рады. А вось у Койданаве рада нават абвесціла незалежную рэспубліку.
– Цяпер можна пачуць, калі беларускія чыноўнікі ці нават і афіцыйныя даследчыкі кажуць, што БНР не дамаглася ніякіх вынікаў. Якія ж сапраўды былі дасягненні органаў улады БНР?
– Адно з іх – БНР стварыла беларускую дыпламатыю!
Анатоль Сідарэвіч паказвае кнігу, што ляжыць на ягоным стале — «Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў. 1914 — 1991 год».
– Выйшаў першы том пад рэдакцыяй міністра замежных спраў Сяргея Мартынава. І вось у гэтым томе змешчаныя дакументы БНР.
У Маскве дзівіліся, што ў сталіцы БНР быў нават белы хлеб
– Таксама БНР стварыла беларускае казначэйства, беларускую гандлёвую палату, якая паспяхова гандлявала ў 1918-м годзе з Украінай.
– Калі сюды прыйшлі бальшавікі, па Маскве разнесліся чуткі, што ў Мінску ёсць белы хлеб! Але прайшлі 2 тыдні пасля прыходу бальшавікоў і белы хлеб знік, а за ім пачаў знікаць і чорны…
– Спадар Анатоль, а як людзі, жыхары Беларусі адносіліся да БНР?
– Вось я маю перад сабой два тамы зборніка дакументаў «Архівы БНР». Паглядзіце колькі тут лістоў ад людзей да ўрада БНР. Людзі звярталіся ў розных справах і атрымлівалі дапамогу. Вось беларусы з Моўчадзі (гэта каля Баранавічаў) просяць кіраўніцтва БНР прыслаць ім настаўніка, які б выкладаў у школе беларускую і нямецкую мовы, ды абяцаюць плаціць яму заробак са сваіх грошай.
Паводле слоў Анатоля Сідарэвіча, у БНР было роўнае стаўленне да нацыянальных меншасцяў. У 2-й устаўной грамаце Рады БНР была абвешчаная роўнасць моваў народаў БНР, а ва ўрад былі ўведзеныя прадстаўнікі яўрэяў, расіян, палякаў.
І Ўкраіну, і Беларусь Расіі «здалі» заходнія дэмакратыі
– А ці ведалі пра Беларускую Народную Рэспубліку ў свеце?
– Прэм’ера БНР Антона Луцкевіча прымаў прэзідэнт Чэхіі Тамаш Масарык, тройчы прымаў начальнік Польскай дзяржавы Язэп Пілсудскі. БНР прызналі Фінляндыя і Эстонія. Наша вайскова-дыпламатычная місія дзейнічала ў Рызе. Была падпісана дамова аб ўзаемным прызнанні з Літвой. Ураду БНР даваў дзяржаўныя пазыкі ўрад Украіны. Консул БНР Алесь Бурбіс прадстаўляў, дарэчы, абсалютна легальна, інтарэсы беларускай дзяржавы ў Маскве. БНР не толькі ведалі, але і рэагавалі!
– Можна нярэдка пачуць, што, каб не было БНР, не было б БССР…
– Нават камісар Рэйнгальд, сябра першага ўрада БССР, казаў, што «калі б не было беларускай рады (гэта значыць рады БНР), то не было б БССР».
– За выключэннем Чэхіі, Сербіі і Польшчы ніводная славянская нацыя так і не набыла сваю дзяржаўнасць у 1918-20 гадах, толькі ў канцы 80-х - у пачатку 90-х. Чаму ж так адбылося?
– Такая была агульная тэндэнцыя! Антон Луцкевіч у 1914-м годзе напісаў, што толькі разам з дэмакратыямі ўсяго свету Беларусь здабудзе сваю волю. Але сутнасць у тым, што заходнія дэмакратыі, брытанская і французская — гэта былі «дэмакратыі ў сабе». Яны ўнутры з'яўляліся дэмакратыямі, а звонку былі імперскімі дзяржавамі. Яны трымалі вялікія калоніі і былі прыгнятальнікамі! І як яны маглі несці свабоду нейкім там беларусам, калі былі прыгнятальнікамі? І Ўкраіну, і Беларусь Расіі «здалі» заходнія дэмакратыі. Перш за ўсё Францыя, ну і Нямеччына дапамагла. Трэба было, каб дэмакратыя стала не толькі «для сябе», але і для іншых. І вось калі гэты пералом адбыўся, тады стала магчымым станаўленне і Харвацкай, і Славацкай, і Ўкраінскай, і Беларускай дзяржавы.
Дзень Волі святкавалі і левыя, і правыя, нават камуністы
– А як святкавалі гадавіну абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці БНР, і як мянялася традыцыя святкавання?
– У Заходняй Беларусі ўпершыню польскія улады забаранілі святкаванне Дня незалежнасці ў 1937 годзе. У Вільні свята адзначалася імпрэзамі і канцэртамі. Да 1926 года гэтае свята адзначалі і левыя, і правыя. Нават негалосна камуністы адзначалі. Але ў 1926-м годзе адбыўся падзел…
– Прыгадваючы леташні «круглы стол», прысвечаны БНР, на старонках «Советской Белоруссии», альбо зборнік дакументаў пад рэдакцыяй Сяргея Мартынава, які вы згадвалі, складваецца ўражанне, што беларускія ўлады пачалі нейкую «легалізацыю» БНР. Але ў той жа час у газеце Міністэрства абароны з’яўляюцца артыкулы, у якіх ганьбяцца і БНР, і яе дзеячы…
– Адзін польскі гісторык прачытаў манаграфію беларускага прабальшавіцкага гісторыка і спытаў яго на міжнароднай канферэнцыі: «Я разумею, што вы палякаў не любіце. Але за што вы не любіце сваіх беларусаў?! Чаго вы на сваіх беларусаў, якія змагаліся за незалежную дзяржаву, бочкі памыеў выліваеце?». І гэты гісторык не знайшоў што адказаць. І ўцямна адказаць на гэтае пытанне не зможа ніводная з афіцыйных асобаў. «Віна» дзеячаў БНР перад цяперашняй уладай была толькі ў тым, што яны былі дэмакраты. Што яны былі за сацыяльную, незалежную, свабодную, мульцікультурную дзяржаву!
– Атрымліваецца, што савецкая традыцыя шальмавання ўсяго, што звязана з першай спробай здабыцця беларускай дзяржаўнасці ў ХХ стагоддзі, жыве і сёння, ужо ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь?
– Бальшавізм характэрызуе непрымірымасць да іншадумцаў, да іншых класаў, да іншых рэлігій і ідэялогій. Да гэтага часу людзі не могуць пазбыцца гэтага. Думаць не вузка-групавымі, вузка-сацыяльнымі, а думаць нацыянальнымі інтарэсамі людзі не умеюць. І не хочуць! Яны наўмысна дзеляць грамадства на «сваіх» і «чужых».
Цяперашнія ўлады не могуць маўчаць пра 25 сакавіка, але і адкрыта не кажуць, і не прызнаюць. Анатоль Сідарэвіч нагадвае, што дагэтуль у Мінску няма вуліцы першага прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Ўсевалада Ігнатоўскага. Няма вуліцы, якая б насіла імя людзей, што сталіся бацькамі беларускай дзяржаўнасці – братоў Івана і Антона Луцкевічаў. Мала таго, на тым месцы дзе калісьці стаяў дом Луцкевічаў у сталічным Купалаўскім парку вырашана пабудаваць… рэстаран.