BE RU EN

Артур Фінькевіч прысуджаны да паўмільённага штрафу

  • 23.03.2009, 13:35

Суд Савецкага раёна Менска аштрафаваў моладзевага актывіста Артура Фінькевіча на 525 тысячаў беларускіх рублёў.

Рашэнне ў дачыненні да Артура Фінькевіча выносіла суддзя Савецкага раёна Менска Людміла Савасцьян.

Лідэр ініцыятывы «Маладая Беларусь» задаволены такім рашэннем суду, таму што, паводле яго словаў, ён зможа паўдзельнічаць у акцыі Дня Волі 25 сакавіка.

«Такое ўражанне, што ёсць дзве сілы ў нашым урадзе: адна – закручвае гайкі, другая – хоча паказаць нейкую лібералізацыю», -- кажа Фінькевіч

Гэтымі словамі актывіст апазіцыі патлумачыў той факт, што ў самім пачатку яго арыштавалі і пакінулі ў ізалятары, а пакаранне абмежавалі штрафам.

Нагадаем, што моладзевы лідэр Артур Фінькевіч быў арыштаваны 20 сакавіка на праспекце Незалежнасці ў Менску. Паводле паказанняў супрацоўнікаў МУС, ён наступіў на нагу аднаму з міліцыянтаў, выходзячы з кавярні «Санча Панса», а потым нецэнзурна лаяўся.

Артур Фінькевіч не пацвердзіў паказанні супрацоўнікаў МУС. У знак пратэсту супраць незаконнага арышту актывіст у зняволенні абвясціў галадоўку. Апазіцыянер заявіў, што яго мэтанакіравана затрымалі напярэдадні акцыі ў Дзень Волі ў Менску 25 сакавіка.

Апошнія навіны