Артур Фінькевіч: «Падчас майго затрымання прысутнічаў супрацоўнік КДБ»
- 23.03.2009, 15:18
Лідэр ініцыятывы «Маладая Беларусь» Артур Фінькевіч звязвае свой арышт са спробай беларускіх уладаў расгрупаваць апазіцыю напярэдадні акцыі ў Дзень Волі.
Як заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч, яго арышт быў загадзя спланаваны.
«Мяне затрымалі цалкам невыпадкова, гэта была спланаваная акцыя беларускіх спецслужбаў, -- заявіў Артур Фінькевіч. --Шмат пра што кажа той факт, што падчас майго затрымання прысутнічаў супрацоўнік КДБ Раман Сівухін, які вёў крымінальныя справы супраць «Партнёрства» і «Маладога Фронту» і прысутнічае на ўсіх акцыях апазіцыі».
Артур Фінькевіч лічыць, што арышт праводзілі ў сувязі з правядзеннем акцыі ў Дзень Волі 25 сакавіка ў Менску.
«Лічу, што затрыманне было звязана з 25 сакавіка. Улады не хацелі, каб я ўдзельнічаў у акцыі ў Дзень Волі. Але, мяркуючы па ўсім, не ўсім выгодна праводзіць арышты апазіцыянераў. Тым больш што ў гэтыя дні вырашаецца пытанне ўдзелу Лукашэнкі ў саміце ЕЗ у Празе 7 траўня», -- сказаў апазіцыянер.
Нагадаем, што моладзевы лідэр Артур Фінькевіч быў арыштаваны 20 сакавіка на праспекце Незалежнасці ў Менску. Паводле паказанняў супрацоўнікаў МУС, ён наступіў на нагу аднаму з міліцыянтаў на выхадзе з кавярні «Санча Панса», а потым нецэнзурна лаяўся.
Артур Фінькевіч абверг паказанні супрацоўнікаў МУС. У знак пратэсту супраць незаконнага арышту актывіст у зняволенні абвясціў галадоўку. Апазіцыянер заявіў, што яго мэтанакіравана затрымалі напярэдадні акцыі ў Дзень Волі ў Менску 25 сакавіка.
23 сакавіка суддзя Савецкага раёна Менска Людміла Савасцьян вынесла рашэнне аштрафаваць моладзевага актывіста Артура Фінькевіча на 525 тысячаў беларускіх рублёў.