Улады баяцца акцыі 25 сакавіка: партыям ужо вынесеныя папярэджанні
- 23.03.2009, 15:54
Мінюст папярэдзіў Партыю БНФ і КХП БНФ «пра захаванне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах».
Адпаведнае паведамленне, датаванае 23 сакавіка, размешчанае на афіцыйным сайце Мінюста.
"У сувязі з заявамі прадстаўнікоў кіраўніцтва асобных палітычных партыяў пра намер правесці масавае мерапрыемства па маршруце, не які адпавядае афіцыйна ўзгодненаму з Менскім гарадскім выканаўчым камітэтам, Міністэрства юстыцыі афіцыйна папярэдзіла Партыю БНФ і Кансерватыўна-хрысціянскую партыю — БНФ, што ў адпаведнасці з артыкулам 15 закона "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" асобы, што парушылі вызначаны гэтым законам парадак арганізацыі і (ці) правядзення масавых мерапрыемстваў, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі", — кажацца ў паведамленні Мінюста.
Партыя БНФ пакуль не атрымала папярэджання, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні партыі Віктар Івашкевіч. "Нам звычайна дасылаюць поштай, так што яно, хутчэй за ўсё, яшчэ не дайшло", — сказаў ён.
Як адзначыў В.Івашкевіч, адносна магчымай змены дазволенага ўладамі маршруту акцыі ў Дзень Волі, 25 сакавіка, выказваўся толькі ён. "Аднак я не казаў ні пра які маршрут. Я казаў, што мы параімся з народам, куды нам ісці з месца збору. А калі з гэтай нагоды вынесенае папярэджанне, дык я скажу: у страху вочы вялікія", — сказаў В.Івашкевіч.
Намеснік старшыні КХП-БНФ Сяргей Папкоў таксама паведаміў, што партыя пісьмовага папярэджання пакуль не атрымала. "Мы падавалі заяўку на мітынг на пляцоўцы каля ўваходу ў Батанічны сад. Нам у задавальненні гэтай заяўкі адмовілі, прапанаваўшы арганізаваць мітынг на плошчы Бангалор. Аднак зразумела, што на Бангалор мы не пойдзем. Пра якое шэсце ідзе гаворка, я не разумею", — сказаў С.Папкоў.
Як паведамлялася раней, арганізатары акцыі, прымеркаванай да чарговых угодак абвяшчэння БНР, меркавалі прызначыць збор удзельнікаў у 18.00 на пляцоўцы перад будынкам прэзідыўма Нацыянальнай акадэміі навук на праспекце Незалежнасці, а затым — прайсці на Кастрычніцкую плошчу. Гарадскія ўлады пагадзіліся з месцам збору, аднак прапанавалі змяніць маршрут шэсця: прайсці па вуліцы Сурганава на плошчу Бангалор. У выніку адзін з заяўнікаў акцыі Віктар Івашкевіч на прэс-канферэнцыі 19 сакавіка ў Менску паведаміў, што з маршрутам шэсця ў Дзень Волі арганізатары маюць намер вызначыцца на месцы збору ўдзельнікаў акцыі.