BE RU EN

Новыя пераследы: Аляксандру Баразенку вынеслі новае папярэджанне

  • 26.03.2009, 15:23

Актывісту грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь»Аляксандру Баразенку сёньня вынесьлі другое папярэджаньне нібыта за парушэнне парадку адбывання пакарання.

Фігуранта «Працэсу 14-ці» Аляксандра Баразенка сёння выклікалі да начальніка крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Фрунзенскага РУУСа Менску Натальлі Нікіценкі. Тая сказала, што папярэджаньне выносіцца за парушэньне рэжыму, зьвязанага з вынесеным яму пакараньнем, перадае «Радыё Свабода».

Аляксандар Баразенка патлумачыў, што ўчора позна ўвечары міліцыянт, які прыйшоў да ягона кватэру, адвёз яго на мэдычную экспэртызу, каб удакладніць факты спажываньня алькаголю.

«Калі я тлумачыў, што я зараз ужываю лекі, якія ўтрымліваюць сьпірт, гэта не прымалася пад увагу. Адвезьлі, зафіксавалі невялічкую долю алькаголю — здаецца, 0,1 праміле. І сёньня быў складзены яшчэ адзін пратакол і было вынесена яшчэ адно папярэджаньне».

Баразенка таксама сказаў, што робіць захады ў сувязі са зьбіцьцём яго міліцыянтам 23 сакавіка. Сёньня ў інспэкцыі ад хлопца запатрабавалі напісаць пісьмовую заяву наконт гэтага зьбіцьця. Адпаведную скаргу Аляксандар Баразенка накіруе таксама і ў пракуратуру.

Нагадаем, што тры дні таму супрацоўнік міліцыі Фрунзенскага раёна Менска Кісель збіў Аляксандра Баразенку, які прыйшоў у міліцыю на чарговую праверку, вынес яму незаконнае папярэджанне і змяніў графік такім чынам, што Баразенка не зможа працягваць працаваць на ранейшым месцы.

Аляксандр Баразенка – фігурант «Справы 14-ці», крымінальнай справы, узбуджанай за ўдзел у мірнай акцыі прадпрымальнікаў год таму. Ён быў прысуджаны да аднаго году абмежавання волі, і можа знаходзіцца толькі дома або на працы. Асуджаны істотна абмежаваны ў правах, любыя перасоўванні можа ажыццяўляць толькі з дазволу міліцыі, абавязаны забяспечваць доступ міліцыі ў жыллё ў любы час сутак. За тры мінімальных парушэнні супраць асуджанага ўзбуджаецца крымінальная справа па арт. 415 КК РБ, па якой можа быць прысуджаны да трох год пазбаўлення волі.

Апошнія навіны