BE RU EN

Якубовіч хоча перапісаць кодэкс этыкі журналіста

  • 27.03.2009, 9:20

Каля трох гадзін доўжылася 26 сакавіка першае пасяджэнне каардынацыйнай рады ў сферы СМІ.

Асноўны час быў адзведзены «працэдурным» пытанням і абмеркаванню парадку дня наступнай сустрэчы, прызначанай на сярэдзіну траўня, нагадвае прэс-служба БАЖ.

Удзельнікі рады разгледзелі і зацвердзілі рэгламент дзейнасці гэтай структуры. З яго вынікае, што ўсе рашэнні рады прымаюцца большасцю галасоў шляхам адкрытага галасавання. (Гэтая працэдура прадугледжана пастановай Саўміну і ўжо не можа быць змененая). Калі сябра рады не згодны з прынятым большасцю галасоў рашэннем, яго «асаблівае меркаванне» адлюстроўваецца ў асобным пратаколе.

Па рашэнні старшыні альбо большасці ўдзельнікаў рады на яе пасяджэнні могуць быць запрошаныя прадстаўнікі дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, а таксама СМІ. (На пасяджэнні 26 сакавіка прэсы не было).

Наступны сход запланаваны на сярэдзіну траўня. Старшыня рады і галоўны рэдактар прэзідэнцкай газеты «Советская Белоруссия» Павел Якубовіч лічыць, што ў першую чаргу на ім павінныя быць абмеркаваныя пытанні этыкі ўзаемадачыненняў паміж журналістамі. Па яго назіраннях, у беларускай журналісцкай супольнасці зараз пануе раскол: журналісты «лаюцца», дазваляючы неэтычныя выпады на адрас калегаў. Вырашыць гэтую праблему, на яго думку, можна, прыняўшы новы агульны кодэкс журналісцкай этыкі.

Ён прапанаваў стварыць працоўную групу на чале з дацэнтам журфаку Інстытута журналістыкі БДУ Наталляй Доўнар для падрыхтоўкі гэтага пытання да разгляду на наступнай сустрэчы.

«Сама тэма размовы пра журналісцкую этыку, безумоўна, наспела, — лічыць старшыня БАЖ Жанна Літвіна. — Але незразумела, дзеля чаго патрэбны новы кодэкс, хто яго будзе распрацоўваць і зацвярджаць. Саўмін? Міністэрства інфармацыі?.. Кодэкс этыкі — гэта інструмент самарэгулявання. У грамадстве могуць суіснаваць некалькі этычных кодэксаў, і яны ўжо ёсць — і ў БАЖ, і ў Беларускага Саюзу журналістаў. Спачатку варта навучыцца выконваць існуючыя нормы. А прыняцце нейкага зводу правілаў “зверху“ можа ператварыцца ў чарговы рычаг уздзеяння на СМІ». Сваё меркаванне яна выказала і на пасяджэнні рады.

На яе думку, падчас абмеркавання тэмы прафесійнай этыкі на наступным пасяджэнні рады трэба даць ацэнку і сітуацыі, што склалася пасля з’яўлення публікацыі «Ксенафонта Суперфасфатава» ў «Советской Белоруссии» - праваабаронца Яна Палякова зкончыла жыццё самагубствам.

Старшыня БАЖ перадала кожнаму сябру каардынацыйнай рады персанальныя звароты ад Праўлення арганізацыі з прапановай разгледзець праблему распаўсюду шэрагу недзяржаўных выданняў і зрабіць захады па яе тэрміновым вырашэнні.

Жанна Літвіна прапанавала таксама запрасіць на наступнае пасяджэнне рады прадстаўнікоў «Белпошты» і «Белсаюздруку». Была створана яшчэ адна працоўная група, якая да наступнага пасяджэння павінная падрыхтаваць даклад па сітуацыі з распаўсюдам. Групу ўзначаліў Аляксандр Чачора — прадстаўнік грамадскага аб’яднання «Саюз выдаўцоў і распаўсюднікаў друку».

«Якім чынам будзе пастаўленае на наступным сходзе пытанне пра этыку, ці будуць выпрацаваныя рэкамендацыі прадпрыемствам-манапалістам наконт зняцця блакады на распаўсюд 13-і выданняў — гэта, я думаю, ужо будзе паказчыкам дзеяздольнасці рады», — рэзюмавала Жанна Літвіна.

Апошнія навіны