У беларускіх аптэках прадавалі лекі з падвышаным узроўнем радыёнуклідаў
- 27.03.2009, 14:25
У Беларусі працягваюць піць заражанае радыяцыяй малако і ўжываць у ежу прадукты з цэзіем і стронцыем.
У 67 населеных пунктах трох абласцей малако не адпавядала нормам па ўтрыманні цэзія.
Перавышэнне дапушчальных узроўняў утрымання радыёнуклідаў зарэгістравана ў прадуктах харчавання, якія вырабляюцца ў асабістых дапаможных гаспадарках Берасцейскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей, піша БелаПАН.
У 2008 годзе ў гэтых абласцях выяўлена 67 населеных пунктаў, дзе малако з асабістых дапаможных гаспадарак не адказвала патрабаванням па ўтрыманні цэзія. У Гомельскай вобласці ў 23 населеных пунктах малако не адпавядала патрабаванням па ўтрыманні стронцыя.
У справаздачы санслужбы кажацца, што ўдзельная вага пробаў грыбоў, якія не адказваюць патрабаванням па цэзіі, у 2008 годзе склала 31,7% ад даследаваных (26,2% у 2007 годзе), лясных ягадаў — 17,5% (14,0%), рыбы мясцовага ўлову — 7,5% (4,3%), мяса дзікіх жывёлаў — 43,8% (36,2%).
У Стоўбцах, напрыклад, рэалізоўвалася журавіны з перавышэннем нарматываў цэзія-137 праз гандлёвую сетку спажывецкай кааперацыі. Як аказалася, Стаўбцкоўскі райст закупіў у нарыхтоўшчыка 1 994 кг журавіны без дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку. Санслужба продаж лясных журавінаў прыпыніла. Колькі ягады з цэзіем патрапіла на стол да даверлівых пакупнікоў, можна толькі здагадвацца.
У аптэках Менскай вобласці выяўлена 11 пробаў лекавай сыравіны парасткаў багуна балотнага з перавышэннем дапушчальнага ўзроўня ўтрымання цэзія-137.