Мілінкевіч: «Я не сказаў, што гэта палітычныя вязні…Хутчэй за ўсё гэта палітзняволеныя... Я павінен дачакацца суда»
- 27.03.2009, 22:12
Прэс-служба руху «За Свабоду» даслала ліст сайту Хартыі’97.
Прапануем нашым чытачам яго цалкам:
“Паколькі на сайце Хартыі’97 Аляксандру Мілінкевічу былі прыпісаныя словы (Мілінкевіч ... не лічыць, што ў Беларусі ёсць палітвязні>) , якія ён не казаў, ПАЎТОРНА просім выставіць на ваш сайт стэнаграму адказу адносна міжнароднай працэдуры абароны палітвязняў.
Фрагмент стэнаграмы адказаў Аляксандра Мілінкевіча з прэс-канферэнцыі Руху "За Свабоду" ад 25 сакавіка:
Аляксандр Папко:
− Спадар Аляксандр, скажыце, калі ласка, што Вы збіраецеся рабіць з палітзняволенымі? Сёння яны ёсць. Як Рух "За Свабоду" збіраецца рэагаваць на гэтую сітуацыю, што пра палітзняволеных у медыяпрасторы не чутна?
Аляксандр Мілінкевіч:
− Мне здаецца, што вельмі важна нам з вамі, таму што вы фармуеце грамадскую думку, і ў замежжы на Вас звяртаюць вялікую ўвагу, і нам таксама – быць абсалютна паслядоўнымі, праўдзівымі і прынцыповымі. Калі арыштавалі Аўтуховіча і ягоных сяброў, я адразу на прэс-канферэнцыі заявіў пра тое, што ў мяне ёсць пачуццё, што гэта палітычная справа. Але я не сказаў, што гэта палітычныя вязні. Я лічу што палітычнымі вязнямі людзі могуць лічыцца стопрацэнтова, калі, па-першае, пройдзе суд, па-другое, калі нашыя праваабаронцы − мы нядаўна збіралі іх і пыталіся − скажуць збольшага, пажадана каб ўсе, што гэта палітзняволеныя. Бо яны эксперты, а не палітыкі. А потым яшчэ, каб вялікія міжнародныя арганізацыі сказалі: гэта сапраўды палітзняволеныя, як гэта было з Amnesty International, калі ў нас сядзелі людзі ў турмах. Таму хутчэй за ўсё гэта так, мая пазіцыя такая, але дачакаемся вось гэтых момантаў і будзем працаваць, каб яны пайшлі хутчэй. І я лічу, што гэта вельмі важна: мы мусім заўсёды абапірацца на канкрэтныя факты. Хутчэй за ўсё гэта палітзняволеныя.
Зміцер Панкавец:
− Але ў Вас ёсць сумневы?
Аляксандр Мілінкевіч:
– Я павінен дачакацца суда. На судзе звычайна ўсё адразу бачна. Адна справа – пакараць чалавека, які перакрывае вуліцу, штрафам, я не ведаю, ці гэта будзе палітзняволены тады. Можа палітычны пераслед. Іншая справа, калі за перакрыццё вуліцы пакараць некалькімі гадамі. На судзе многае вызначаецца. Я лічу, мы мусім заўсёды базавацца на фактах.
Даводзім да вашага ведама, што копія дадзенага ліста накіраваная ў іншыя сродкі масавай інфармацыі.
У будучыні, будзем удзячныя за больш адказнае асьвятленьне дзейнасьці Руху "За Свабоду" і ягонага лідэра.
З павагай,
Прэс-служба Руху “За Свабоду”
КАМЕНТАР ПРЭС-ЦЭНТРА ХАРТЫІ’97: Мы прапануем нашым чытачам і калегам з руху «За Свабоду» яшчэ раз азнаёміцца з матэрыялам, размешчаным на сайце 26 сакавіка.
Мілінкевіч лічыць апазіцыю маргінальнай і не лічыць, што ў Беларусі ёсць палітвязні
Лідэр руху «За Свабоду» зрабіў некалькі спрэчных заяваў.
25 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што беларуская апазіцыя не ўдзельнічае ў перамовах афіцыйнага Менска і прадстаўнікоў еўрапейскіх структур з-за сваёй маргінальнасці, паведамляе «Інтэрфакс» .
«Было шмат размоваў, чаму беларуская апазіцыя не прымае ўдзелу ў перамовах беларускіх улад і Захаду. Яна не заслужыла гэтага, таму што стала маргінальнай, слабой», - заявіў палітык.
«Мы менш сталі ўплываць на грамадства. Нам трэба вырашаць пытанне не з Еўразвязам, што нас кудысьці не паклікалі і не пасадзілі за нейкі стол, а трэба вырашаць пытанне аб сваім уплыве на беларускае грамадства», - лічыць Мілінкевіч.
У сваю чаргу намеснік старшыні грамадскай арганізацыі «За свабоду» Віктар Карніенка адзначыў, што «сітуацыя ў цяперашні час такая, што беларуская апазіцыя не мае і, хутчэй за ўсё, не будзе мець манаполіі на адносіны з Захадам».
«Але нам трэба зрабіць усё, каб вырашыць існуючую праблему і стаць удзельнікамі дыялогу», - падкрэсліў ён.
Таксама Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што не лічыць, што ў Беларусі ёсць палітвязні.
Адказваючы на пытанне аб палітвязнях, старшыня грамадскай арганізацыі адказаў, што «я стаю на той пазіцыі, што палітвязням чалавека можна называць тады, калі пройдзе суд, калі праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі скажуць, што гэта палітвязень».
Мы не прыпісвалі спадару Мілінкевічу ніякіх словаў. Мы ўпэўненыя, што і з матэрыяла “Інтэрфакса”, і з дасланай нам прэс-службай руху “За Свабоду” стэнаграмы вынікае, што Аляксандр Мілінкевіч зможа вызначыцца, ці ёсць у Беларусі палітвязні толькі пасля лукашэнкаўскага суду над імі. На нашу думку, гэта значыць, што АЛЯКСАНДР МІЛІНКЕВІЧ НА СЁННЯ НЕ ЛІЧЫЦЬ, ШТО Ў БЕЛАРУСІ ЁСЦЬ ПАЛІТВЯЗНІ..
Шаноўныя чытачы сайту Хартыі’97 свае высновы на гэты конт могуць зрабіць самі.