ARCHE аб заяве Мітрапаліта Філарэта: Кітай блакуе і хрысціянскія рэсурсы
- 30.03.2009, 15:51
Беларускія журналісты адрэагавалі на заяву Мітрапаліта Філарэта аб цэнзуры інтэрнэту па кітайскім прынцыпе, і нагадалі, што ў Кітаі забаронены доступ да рэлігійных сайтаў.
«Экзарх павінен ведаць, што кітайскае рэгуляванне (цэнзура) сеткі мае, у першую чаргу, палітычную, ідэалагічную скіраванасць, -- піша часопіс ARCHE. -- Для жыхароў Кітая заблакаваны доступ не толькі да сайтаў шмат якіх заходніх і нават расейскіх газетаў, часопісаў, радыё- і тэлекарпарацыяў, але і да хрысціянскіх інфармацыйных рэсурсаў: каталіцкіх, пратэстанцкіх і праваслаўных».
Нагадаем, што 27 сакавіка на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з чальцамі Сінода Беларускай праваслаўнай царквы Мітрапаліт Філарэт прапанаваў абвясціць «крыжовы паход» супраць «брудных» рэсурсаў. На думку экзарха, неабходна скарыстацца кітайскім досведам фільтравання, каб засцерагчы грамадства ад амаральнай інфармацыі.
«Кітайскі досвед цікавы тым, што адказнасць за выкарыстанне Інтэрнэту ўскладзеная не на дзяржаву, а ляжыць на тых, хто дае доступ да сеткі», - сказаў мітрапаліт.