BE RU EN

Ханс-Георг Вік: «Ніякіх істотных рэформаў у Беларусі не праведзена»

  • 31.03.2009, 8:31

Кіраўнік нямецкай арганізацыі «Правы чалавека ў Беларусі» Ханс-Георг Вік «не ўражаны» дзеяннямі беларускага рэжыму.

Экс-кіраўнік місіі АБСЕ у Беларусі, старшыня нямецкай грамадскай арганізацыі «Правы чалавека ў Беларусі», доктар Ханс-Георг Вік у інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» заявіў, што сёння перад Лукашэнкам стаіць выбар: уцягваць Беларусь у еўраінтэграцыю або ізаляваць краіну ад Еўропы.

«Было два варыянты – запрашаць беларускага кіраўніка або не. Запрашэнне на саміт – гэта свайго кшталту выклік Еўропы Лукашэнку. У Празе яму маецца быць сярод прэзідэнтаў іншых пяці краін, якім прапанаваны ўдзел у праграме «Ўсходняе партнёрства». У Лукашэнкі нялёгкая задача – зрабіць выбар паміж уцягваннем сябе і краіны ў еўрапейскую інтэграцыю або прыняццем негатыўнага рашэння па гэтым пытанні. Менавіта зараз у яго ёсць вялікі шанец адкарэктаваць палітыку Беларусі, сыйсці ад самаізаляцыі да дэмакратычнага развіцця, трансфармацыі, разам з іншымі краінамі-удзельнікамі «Ўсходняга партнёрства», - лічыць палітык. .

Аднак палітык канстатуе, што ў Беларусі не былі праведзеныя неабходныя палітычныя рэформы.

«Калі ацаніць дзеянні беларускага рэжыму ў апошні час, я не магу сказаць, што я імі ўражаны. Былі здзейсненыя нейкія павярхоўныя змены, у абмежаваных рамках, але не было ніякіх істотных рэформаў. Цяпер Беларусь, аднак, успрымаецца ў іншым міжнародным кантэксце, а менавіта, як магчымая ўдзельніца прапанаванай Еўразвязам праграмы «Ўсходняга партнёрства». Праграма мае сур'ёзнае стаўленне ЕЗ да жадання пяці краін, уключаных у спіс партнёраў, зблізіцца з Еўропай. Беларусі таксама будзе дадзеная гэтая магчымасць пры ўмове, што краіна пойдзе шляхам рэформаў. Еўрапейскія палітыкі лічаць, што вялікая частка насельніцтва Беларусі таксама жадае збліжэння з ЕЗ. Гэта значыць, трэба канстатаваць, што ў краіне не былі праведзеныя значныя рэформы», -- адзначыў Ханс-Георг Вік.

Апошнія навіны