BE RU EN

Урмас Паэт: «Удзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве магчымы толькі пры ўмове прагрэсу»

  • 31.03.2009, 11:34

Пра гэта міністр замежных справаў Эстоніі Урмас Паэт заявіў у Таліне падчас сустрэчы са сваім партугальскім калегам Луісам Амада.

Абмяркоўваючы новую праграму Еўразвяза «Усходняе партнёрства», эстонскі міністр падкрэсліў, што кожная краіна – удзельніца праекту павінна прадэманстраваць канкрэтную і эфектыўную палітыку збліжэння з Аб'яднанай Еўропай, паведамляе «Радыё Свабода».

Калі гаворка зайшла канкрэтна пра Беларусь, Паэт сказаў, што ўдзел краіны ва Усходнім партнёрстве «магчымы на канкрэтных умовах». Паводле словаў кіраўніка эстонскага знешнепалітычнага ведамства, «неабходныя ўмовы – гэта прагрэс і жаданне Менска ажыццяўляць рэформы, у аснове якіх ляжаць дэмакратычныя каштоўнасці і забеспячэнне асноўных правоў грамадзянаў».

Нагадаем таксама, што ў гэтыя дні ў Таліне пад патранажам прэзідэнта Эстоніі Томаса Хенрыка Ілвеса праходзіць міжнародная канферэнцыя, прысвечаная памяці першага прэзідэнта Эстоніі Ленарта Мэры. У канферэнцыі прымаюць удзел міністры замежных справаў краінаў Еўразвяза, высокапастаўленыя еўрапейскія чыноўнікі і вядучыя эксперты. Беларусь на гэтым прэстыжным форуме прадстаўляюць лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў і кіраўнік ініцыятывы «Мы памятаем» Ірына Красоўская.

Апошнія навіны