У Беларусі забараняюць трансляцыю расейскіх тэлеканалаў (Відэа)
- 31.03.2009, 12:51
З 1 красавіка з праграмнай сеткі аператараў кабельнага тэлебачання знікнуць расейскія тэлеканалы НТБ-Свет, ТБ-Цэнтр Internacional, REN-ТБ, ГРТ-Міжнароднае.
Першай інфармацыя пра тое, што з 1 красавіка ў Беларусі «будуць забароненыя» расейскія тэлеканалы, з'явілася ў беларускай благасферы. Аднак блогеры не прыводзілі канкрэтных крыніцаў.
Як атрымалася высветліць ў прэс-цэнтра Хартыі’97, кабельныя аператары сапраўды атрымалі паведамленне пра тое, што з 1 красавіка з іх праграмнай сеткі знікнуць чатыры расейскія тэлеканалы. Характэрна, што паведамленне аб адключэнні расейскіх каналаў кабельныя аператары атрымлівалі з ідэалагічных аддзелаў мясцовых выканкамаў.
Вось такія паведамленні атрымалі абаненты магілёўскага кабельнага аператара «Копту-Трэйд»:
«Паважаныя Абаненты!
Паведамляем Вам, што ўпраўленнем ідэалагічнай працы атрыманае ўказанне аб спыненні трансляцыі наступных тэлеканалаў з 01.04.2009 года.
НТБ-Свет
ТБ-Цэнтр, Internacional
REN-ТБ
ГРТ-Міжнароднае
Пазначаныя каналы будуць замененыя іншымі.
Прыносім свае выбачэнні».
У ЗПВУП «Копту-Трэйд» прэс-цэнтру Хартыі’97 пацвердзілі гэтую інфармацыю. Прадстаўнік кампаніі сказала, што прадпрыемства атрымала ўказанне з ідэалагічнага аддзела Магілёўскага аблвыканкама, у якім казалася, што кампанія «Копту-Трэйд» павінна адключыць 4 расейскія каналы да 11:00 1 красавіка. З якіх прычынаў будуць адключаныя расейскія тэлеканалы, працаўніца кампаніі патлумачыць не змагла.
Супрацоўніца ідэалагічнага аддзела Магілёўскага аблвыканкама таксама пацвердзіла прэс-цэнтру Хартыі’97, што з 1 красавіка з праграмнай сеткі магілёўскіх кабельных аператараў знікнуць чатыры расейскія тэлеканалы. Пры гэтым у ідэалагічным аддзеле ўдакладнілі, што такое рашэнне не з'яўляецца прыватнай ініцыятывай Магілёўскага аблвыканкама:
«Мы самі ў шоку, -- сказала супрацоўніца ідэалагічнага аддзела. -- Атрымалі загад з Менска, з Міністэрства інфармацыі. Такі загад атрымалі не толькі мы. Па ўсёй рэспубліцы адключаюць гэтыя каналы».
Супрацоўніца аблвыканкама адзначыла, што прычына спынення трансляцыі расейскіх каналаў ёй невядомая. Паводле яе словаў, гэтыя тэлеканалы ў хуткім часе будуць замешчаныя іншымі.
Чаму спыняюць трансляцыю расейскіх тэлеканалаў, прэс-цэнтр Хартыі’97 паспрабаваў даведацца непасрэдна ў Міністэрстве інфармацыі.
Аднак супрацоўнікаў Міністэрства інфармацыі больш цікавіла, адкуль у нас такія звесткі.
«Вось цікава, яшчэ нічога не адключаецца, а вы ўжо ведаеце», -- сказаў супрацоўнік міністэрства, адмовіўшыся пры гэтым назвацца. «Мы не называемся і не працуем з грамадскасцю, - заявіў чыноўнік. - А наконт спынення вяшчання тэлеканалаў пакуль нічога не можам сказаць».
У рэшце рэшт, сітуацыю патлумачыла начальніца аддзела праграмаў аператара эфірна-кабельнага тэлебачання «Космас ТБ» Алена Клюйкова, якая заявіла, што прыпыненне трансляцыі расейскіх каналаў звязанае «з неабходнасцю выканання рашэнняў Саўміна і закона аб СМІ, паводле якога замежныя тэлевізійныя каналы абавязаныя атрымліваць дазвол на трансляцыю на тэрыторыі Беларусі».
Па словах Клюйковай, паводле пастановы ўрада ў замежных тэлеканалаў было тры месяцы на атрыманне дазволу. «Яны не правялі гэтую працу, і мы вымушаныя спыніць іх трансляцыю», -- сказала яна.
«Некаторыя СМІ каментуюць гэтую сітуацыю як палітычнае рашэнне, але мы так не лічым», -- падкрэсліла прадстаўніца кампаніі.
Паводле яе словаў, каналы «Рэн ТБ», «Першы (Сусветная сетка)» і «НТБ-Свет» будуць замененыя іншымі – напрыклад, «Расея. Весткі 24 гадзіны», «Свет. СНД».
Расейскія тэлекампаніі пакуль не каментуюць гэтую інфармацыю. Цікава, што спыненне вяшчання ў Беларусі «РЕН ТБ» некаторыя звязваюць з суботняй перадачай «Тыдзень з Марыянай Максімоўскай», у якой быў паказаны сюжэт, прысвечаны асабістаму жыццю Аляксандра Лукашэнкі. На «Першым канале. Сусветная сетка» выходзіць праграма «Пражэктарперысхілтан», у якой таксама рэгулярна з'яўляюцца жарты пра Лукашэнку. Прычым з версіі праграмы, трансляванай тэлеканалам АНТ, яны выразаюцца.