BE RU EN

Хакеры ўзламалі сайт Аляксандра Казуліна

  • 31.03.2009, 13:54

Хакеры ўзламалі сайт апазіцыйнага палітыка, былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Казуліна.

Як паведаміў БелаПАН, выпускаючы рэдактар сайта Сяргей Марцалеў, на працягу трох дзён на інтэрнэт-рэсурс ажыццяўляўся DDoS-напад.

DDoS-напад (ад ангельскага Distributed Denial of Service, размеркаваная адмова ў абслугоўванні) — гэта разнавіднасць нападаў на вылічальную сістэму. Іх мэта — давесці сістэму да адмовы і стварыць такія ўмовы, пры якіх карыстальнікі не могуць атрымаць доступ да рэсурсаў, якія прадстаўляюцца, альбо гэты доступ ускладнены.

DDoS-напад можа быць як самамэтай (напрыклад, зрабіць недаступным папулярны сайт), так і адным з крокаў да авалодання сістэмай (калі ў пазаштатнай сітуацыі праграмнае забеспячэнне выдае якую-небудзь крытычную інфармацыю: версію сайта, частку праграмнага кода і г.д.). У некаторых выпадках да DDoS-нападу прыводзіць легітымнае дзеянне, напрыклад прастаноўка спасылкі на сайт. Вялікі наплыў карыстальнікаў прыводзіць да перавышэння дапушчальнай нагрузкі на сервер і адмовы ў абслугоўванні часткі з іх.

Як паведаміў С.Марцалеў, хакеры атрымалі доступ да ўнутранага зместу сайта. Зараз служба тэхнічнай падтрымкі вырашае гэтую праблему. Персанальны сайт А.Казуліна пакуль недаступны.

"Мы ведаем толькі адзін прыклад падобнага нападу — такая ж сітуацыя была ў той дзень, калі Аляксандра Казуліна вызвалілі з турмы", — адзначыў выпускаючы рэдактар.

Паводле яго словаў, людзі, якія працуюць над сайтам Казуліна, супрацоўнічаюць са шмат якімі журналістамі. "Нашая інфармацыя будзе з'яўляцца на іншых рэсурсах — такіх як "Беларускі партызан", "Хартыя-97" і іншых. Напад на сайт Казуліна не мае сэнсу, паколькі інфармацыя ўсё роўна ёсць, была і будзе распаўсюджвацца", — заявіў Марцалеў.

Апошнія навіны