Большасць беларусаў лічыць, што ўлады іх падманулі і чакаюць новай дэвальвацыі
- 31.03.2009, 14:06
Беларусы выказваюць недавер уладзе і лічаць, што будучая дэвальвацыя рубля непазбежная.
Пра гэта сведчаць дадзеныя сацапытання, якое правёў у сярэдзіне сакавіка Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. У апытанні прынялі ўдзел больш за 1,5 тысячы рэспандэнтаў, перадае БелаПАН.
На пытанне «Ці магчымая да канца года яшчэ адна рэзкая дэвальвацыя беларускага рубля?» 55,5% апытаных адказалі «так». Крыху больш за чвэрць рэспандэнтаў адказалі «не», а 19% не знайшлі адказу.
64,2% рэспандэнтаў сказалі, што ўлады падманвалі людзей, не распавядаючы пра будучую дэвальвацыю, а больш за 55% чалавек прызналіся, што дэвальвацыя 2 студзеня была для іх абсалютна нечаканай.
Паводле дадзеных даследавання, дэвальвацыя значна адбілася на матэрыяльным стане 45,5% беларусаў, на 35,4% - нязначна.