Дэпутаты Еўрапарламента адмянілі візіт у Менск
- 31.03.2009, 19:25
Еўрапарламент адмяніў візіт у Менск дэлегацыі дэпутатаў, запланаваны на 6—8 красавіка.
Як паведаміў БелаПАН нідэрландскі еўрадэпутат, намеснік старшыні Партыі еўрапейскіх сацыялістаў Ян Марынус Віерсма, беларускія ўлады не пагадзіліся з прапанаваным фарматам візіту.
Еўрапарламентарыі планавалі правесці шэраг сустрэч з чыноўнікамі, апазіцыяй і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, а таксама неафіцыйную сустрэчу з «дэпутатамі» беларускай «палаты прадстаўнікоў». Я.Віерсма адзначыў, што афіцыйная сустрэча з беларускімі калегамі была б «занадта паспешнай», паколькі «парламенцкія выбары» у Беларусі ў верасні 2008 года Еўрапарламент прызнаў недэмакратычнымі.
Еўрадэпутат выказаў шкадаванне, што візіт адменены. На мінулым тыдні ён звяртаўся ў амбасаду Беларусі ў Брусэлі з прапановай «перагледзець рашэнне і ўважліва вывучыць праграму візіту». Па словах Я.Віерсмы, Еўразвяз гатовы запрасіць Аляксандра Лукашэнку на саміт у Прагу, у той час як беларускі ўрад адмаўляе ў візіце прадстаўнікам Еўрапарламента.
Нагадаем, у выніковым дакладзе БДІПЧ АБСЕ вядзецца, што нягледзячы на «некаторыя паляпшэнні», «парламенцкія выбары» у Беларусі не адпавядалі стандартам АБСЕ. У прыватнасці, выбарчае заканадаўства не дае магчымасці для «сапраўднай палітычнай канкурэнцыі і роўнага стаўлення да кандыдатаў з боку ўлад» і «перашкаджае правядзенню выбараў» у адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі. Эксперты адзначаюць, што Выбарчы кодэкс Беларусі «не забяспечвае празрыстага механізму захаванасці ўрнаў з бюлетэнямі пасля пачатку датэрміновага галасавання, а таксама механізму абароны самога бюлетэня». Большасці апазіцыйных кандыдатаў было адмоўлена ў рэгістрацыі «з-за малаважных парушэнняў фармальных патрабаванняў», падкрэсліваецца ў дакладзе. Па меркаванні экспертаў місіі, усё гэта «стварае магчымасці для фальсіфікацый».