Казулін: «Палітыка ЕЗ па стаўленні да Беларусі дагэтуль не дала вынікаў»
- 4.03.2009, 8:42
Візіты еўрачыноўнікаў у Беларусь адбываюцца на фоне з’яўлення ў краіне палітзняволеных.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі і былы палітвязень Аляксандр Казулін заявіў па выніках візіту вярхоўнага прадстаўніка Еўразвяза ў замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі Хаўера Саланы ў Менск, што «на прэс-канферэнцыі на мінулым тыдні не гучала рэзкая крытыка пазіцыі Еўразвяза».
Апазіцыйны палітык адзначыў у інтэрв'ю «Радыё Свабода», што была выказаная толькі занепакоенасць тым, што адбываецца ў адносінах паміж афіцыйным Менскам і ЕЗ.
Аляксандр Казулін упэўнены, што прыезд у Беларусь дэлегацыі Парламенцкай асамблеі і Рады Еўропы, Еўрапарламента, Хаўера Саланы – гэта «магутныя і дзейсныя крокі наперад».
«Але калі ўлады зноў выкарыстаюць рэпрэсіі, калі ў нас зноў з'яўляюцца палітвязні, калі ў Дзень Святога Валянціна моладзь жорстка збіваюць, калі 16 лютага - зноў жорсткае збіццё, гэта выклікае занепакоенасць, што еўрапейскія візіты адбываюцца на такім фоне», - падкрэсліў ён.
Па словах Аляксандра Казуліна, ён бы хацеў пачуць ад чыноўнікаў Еўразвяза, якую пазіцыю яны вязуць у Беларусь.
«Бо палітык такога ўзроўню, як Хаўер Салана, вёз нейкі пакет прапановаў. І мы вельмі спадзяемся, што ў нашай краіне ў хуткім часе адбудуцца крокі наперад», - пракаментаваў ён сітуацыю.
Аляксандр Казулін нагадаў, што вярхоўны прадстаўнік Еўразвяза ў знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Хаўер Салана не адказаў на шматлікія прапанаваныя яму пытанні, датычныя адносінаў ЕЗ і Беларусі.
«Я задаў Салане пэўныя пытанні, і мы чакалі, што пасля сустрэч з Мартынавым і Лукашэнкай Салана адкажа на гэтыя пытанні, скажа, чаго нам чакаць далей. Але гэтага мы не адчулі», - растлумачыў экс-кандыдат у прэзідэнты.
Былы палітвязень падкрэсліў, што палітыка еўрапейскіх краін па стаўленні да Беларусі дагэтуль не дала вынікаў.
«Галоўнае пытанне: тое, што адбываецца - маральна або немаральна? І вось на гэтае пытанне нам, грамадзянам Беларусі, хацелася б атрымаць адказ. На працягу 13 год тая палітыка, якую праводзілі еўрапейцы, не дала вынікаў», - заявіў апазіцыйны палітык.
«Але няўжо мы забыліся на тое, што было за гэтыя гады - што было ў 1996-м, у 1999-м, у 2001-м, у 2004-м годах, калі былі парушэнні Канстытуцыі і заканадаўства. Нам цікава, у якім накірунку мы будзем рухацца далей і ці прыйдуць да нас у краіну еўрапейскія каштоўнасці. Калі мы кажам, што Беларусь - еўрапейская краіна, то мы ў гэтым зацікаўленыя. Аднак на падставе якіх каштоўнасцяў гэта адбываецца? Ці засноўваецца гэта на прагматызме асобных еўрапейскіх палітыкаў і чыноўнікаў?», - сказаў былы палітвязень.
«Пакуль беларускія ўлады (і гэта кажуць усе эксперты) не зрабілі ні аднаго сістэмнага, істытуцыянальнага кроку па змене сітуацыі, яны зрабілі толькі сігнальныя змены», - падагульніў Аляксандр Казулін.