Праваабаронцу з Салігорска асудзілі да 2,5 гадоў «хіміі»
- 4.03.2009, 15:40
3 сакавіка судом Салігорскага раёна вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненьні да праваабаронцы Яны Паляковой.
Правабаронцу асудзілі па частцы 2 артыкула 400 Крымінальнага кодэкса РБ -- «Загадзя ілжывы данос».
На дадзеным судовым паседжаньні прысутнічалі прадстаўнікі Беларускага Хэльсінкскага камітэту Леанід Мархотка і Валеры Шчукін. Суд прысудзіў Я. Палякову да 2-х гадоў і 6-ці месяцаў абмежаваньня волі (так званай "хіміі"), а таксама спагнаў маральную шкоду ў памеры аднаго мільёна рублёў у нажытак пацярпелага ўчастковага міліцыі Пугачова, які зь нядаўняга часу выйшаў на пэнсію.
Нагадаем, што ў лістападзе мінулага году набыла вялікі розгалас гісторыя зь перасьледам салігорскай праваабаронцы з боку праваахоўных органаў. Яна Палякова паведамляла, што за яе апазыцыйную дзейнасьць яе неаднаразова затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі. Таксама паведамлялася, што ў пастаронку жанчыну зьбівалі, а аднойчы ледзь не зламалі руку. Варта дадаць, што Яна Палякова зьяўлялася сябрам ініцыятыўнай групы Вольгі Казулінай пад час апошніх выбараў у “парлямэнт”.