BE RU EN

МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі карэспандэнта «Gazety Wyborczej» Анджэя Пачобута

  • 5.03.2009, 9:11

Напярэдадні правядзення з’езду непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, Міністэрства замежных спраў пазбавіла акрэдытацыі сябра арганізацыі - карэспандэнта «Gazety Wyborczej» Анджэя Пачобута.

Афіцыйнай падставай для пазбаўлення акрэдытацыі, па словах прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў, сталі чатыры артыкулы Анджэя Пачобута, надрукаваныя у «Gazecie Wyborczej», перадае «Радыё Рацыя».

Публікацыі распавядалі пра прымусовую дактэласкапію мужчынскай часткі насельніцтва Рэспублікі Беларусь,выдаленне польскіх святароў і дыялог Лукашэнкі з Захадам. Паводле міністэрства замежных спраў, «матэрыялы маюць тэндэнцыйны характар і абражаюць кіраўніка дзяржавы». Анджэй Пачобут пазбаўленне акрэдытацыі звязвае як з агульнай сітуацыяй у краіне, так і з тымі падзеямі,што апошнім часам разгортваюцца вакол непрызнанага ўладамі Звязу палякаў Беларусі пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс.

Рэдакцыя «Gazety Wyborczej» выступіла з заявай у абарону Анджэя Пачобута і заклікае еўрапейскіх палітыкаў , якія вядуць перамовы з Беларуссю, не забывацца пра свабоду слова, якая з’яўляецца адной з галоўных дэмакратычных каштоўнасцей.

За апошні час узмацніліся правакацыі супраць апальнага Звязу палякаў Беларусі. 3 сакавіка ў паштовых скрынях дома, у якім жыве старшыня арганізацыі, з’явіліся змантаваныя порназдымкі. На апрацаваных у «фоташопе» здымках пры дапамозе мантажу была выяўленая сама Анжаліка Борыс.

Як заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 Анджэй Пачобут, гэтая зневажальная правакацыя створаная спецслужбамі, каб падарваць імідж кіраўніка арганізацыі.

Апошнія навіны