BE RU EN

Царкве «Новае жыцьцё» адмоўлена ў праве на памяшканьне

  • 5.03.2009, 15:12

Сёньня касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суда не задаволіла скаргу царквы «Новае жыцьцё» на рашэньне ВГС ад 13 студзеня 2009 году.

Тады, 13 студзеня, Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіў царкве «Новае жыцьцё» ў ейным патрабаваньні прызнаць незаконным рашэньне Менгарвыканкаму аб пазбаўленьні права карыстацца зямлёй і будынкам, нагадвае «Радыё Свабода».

«Мы ня згодныя з гэтым рашэньнем. Мы ў сваёй скарзе прасілі ануляваць рашэньне суду ад 13 студзеня і вынесьці новае рашэньне, у якім прызнаць рашэньне Менгарвыканкаму ад 2005 году незаконным», – адзначыў юрыст царквы Сяргей Луканін.

Касацыйная калегія суду пакінула бязь зьменаў рашэньне ад 13 студзеня 2009 году, а таксама пакінула без задавальненьня касацыйную скаргу рэлігійнай грамады.

Прадстаўнікі царквы заявілі, што будуць далей абскарджваць гэтае рашэньне.

Нагадаем, што з 18 кастрычніка 2006 года Вышэйшы гаспадарчы суд (ВГС) разглядае пазовы царквы «Новае жыцьцё»: аб прызнанні пазапраўным рашэння Менгарвыканкама аб пазбаўленні суполкі зямлі і будынка па вул. Кавалёва; аб перапрафіляванні будынка кароўніка ў культавы і змяненні мэтавага прызначэння зямельнага ўчастку; аб спагнанні з Менгарвыканкама шкоды, панесенай царквой у памеры ўсіх сум дзяржпошлін, якія былі выплачаныя істцом у сувязі з абскарджаннем рашэння ўладаў (1 млн. 829 тыс. рублёў).

Восеньню 2006-га году шматлікія вернікі на знак салідарнасьці з царквой «Новае жыцьцё» абвясьцілі галадоўку і трымалі яе да тае пары, пакуль улады не прапанавалі вырашыць канфлікт у Вышэйшым гаспадарчым судзе.

Апошняе судовае пасяджэнне ВГС адбылося 22 сакавіка 2007 году.

Апошнія навіны