BE RU EN

ЗША патрабуюць ад беларускага рэжыма спыніць рэпрэсіі

  • 6.03.2009, 8:14

Прадстаўніцтва ЗША ў АБСЕ асудзіла з'яўленне палітвязняў у Беларусі, разгон акцый апазіцыі і гвалтоўныя прызывы ў войска.

Адзначыўшы вызваленне палітвязняў у жніўні 2008 года, дазвол на распаўсюджванне дзвюх незалежных газет, рэгістрацыю руху «За Свабоду», дэклараванне гатовасці супрацоўнічаць з АБСЕ у справе паляпшэння выбарчага заканадаўства, амерыканскае прадстаўніцтва пры АБСЕ адзначыла, што гэтыя крокі маюць абмежаваны характар. ЗША заклікалі беларускія ўлады зрабіць пазітыўны працэс незваротным.

«Усе гэтыя пазітыўныя крокі носяць абмежаваны характар, — гаворыцца ў заяве. — Мы заклікаем беларускія ўлады распачаць наступныя пазітыўныя крокі, якія зробяць гэты прагрэс незваротным».

Прадстаўніцтва ЗША у АБСЕ падзяліла занепакоенасць Еўразвяза адносна арышту Юрыя Лявонава, Мікалая Аўтуховіча і Ўладзіміра Асіпенкі. У заяве выказваецца занепакоенасць у сувязі з ужываннем сілы падчас акцый апазіцыі 14 і 16 лютага, а таксама адзначаецца гвалтоўны характар прызыву ў войска Франака Вячоркі, Івана Шыла і Зміцера Хведарука.

Прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка былі арыштаваныя 8 лютага ў Ваўкавыску. Лявонаў і Аўтуховіч – былыя палітвязні, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў.

Апошнія навіны