BE RU EN

Беларусы Германіі: Супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі – саўдзел у злачынствах

  • 9.03.2009, 8:04

Саюз беларусаў у Германіі прапаноўвае краінам Еўразвяза прыпыніць адносіны з Аляксандрам Лукашэнкай.

Саюз беларусаў у Германіі патрабуе пакараць вінаватых у самагубстве праваабаронцы Яны Паляковай.

«У ноч з 6 на 7 сакавіка 2009 года згасла свечка жыцця 36-гадовай Яніны Паляковай. Яна стала ахвярай пераследу за сваю праваабарончую дзейнасць. Гэтая жанчына кінула выклік магутнаму рэпрэсіўнаму апарату і загінула. Загінула не ад кулі, не ад гарматнага стрэлу, а ад ганення, пераследу і абыякавасці тых, хто быў побач. Такое стала магчымым таму, што беларускае грамадства і палітычныя апаненты рэжыму моўчкі назіраюць за прававым бязмежжам, лічачы, што гэта іх не закране», — гаворыцца ў заяве Саюза беларусаў у Германіі.

«Сёння за кратамі знаходзяцца Арцём Дубскі, Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка, Юрый Лявонаў. Які лёс рэжым прыгатаваў ім? Хто наступны?» — гаворыцца ў заяве.

Саюз беларусаў у Германіі лічыць, што «дачасная смерць Я.Паляковай павінная стаць кропляй, якая перапоўніць чашу трывання беларускага народа», і заяўляе аб неабходнасці прыцягнуць да крымінальнай адказнасці ўсіх вінаватых у яе заўчаснай смерці, знайсці тых, хто мае адносіны да знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зміцера Завадскага і запатрабаваць вызвалення ахвяр палітычных рэпрэсій: А.Дубскага, М.Аўтуховіча, Ю.Лявонава, У.Асіпенкі.

У заяве таксама прапаноўваецца краінам Еўразвяза прыпыніць усялякія адносіны з Аляксандрам Лукашэнкай. «У іншым выпадку мы будзем разглядаць гэтае супрацоўніцтва як саўдзел у злачынствах», — канстатуецца ў дакуменце.

Як паведамлялася раней, у ноч на 7 сакавіка ў Салігорску (Менская вобласць) скончыла жыццё самагубствам мясцовая праваабаронца 36-гадовая Яна Палякова. Юрыст па прафесіі, яна з'яўлялася актывісткай незарэгістраванай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву», супрацоўнічала з іншымі праваабарончымі арганізацыямі і ўваходзіла ў склад ініцыятыўнай групы Вольгі Казулінай (дачкі апазіцыйнага палітыка Аляксандра Казуліна) на парламенцкіх выбарах 2008 года.

3 сакавіка суд Салігорскага раёна прызнаў Я.Палякову вінаватай па артыкуле 400, частка 2 Крымінальнага кодэкса (загадзя ілжывы данос). Яе, у прыватнасці, абвінавацілі ў ілжывым даносе на супрацоўніка міліцыі і прысудзілі да двух з паловай год абмежавання волі. Акрамя таго, па рашэнні суду яна павінная была выплаціць міліцыянту 1 млн. рублёў у якасці кампенсацыі за маральную шкоду. Я.Палякова лічыла сябе невінаватай.

Апошнія навіны