У беларускай турме ў Зэльцэра развілася яшчэ і хвароба нырак
- 9.03.2009, 8:32
Турэмныя лекары пацвердзілі, што ў грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра, якога ўжо амаль год утрымліваюць у беларускай турме, выявілі яшчэ адно захворванне – нефрыт.
Аб гэтым «Радыё Свабода» паведаміў адвакат зняволенага Зміцер Гарачка, які наведаў Зэльцэра на днях.
«З ныркамі з'явіліся праблемы, у яго знайшлі нефрыт. Дрэнна ён сябе адчувае, дрэнна. Калі дадаюцца новыя хваробы, што жа ў гэтым добрага...», - кажа адвакат
Ужо на наступным тыдні калонію ў Гомелі павінная пакінуць сакратар Зэльцэра Ўладлена Функ, арыштаваная разам з ім. Зміцер Гарачка плануе сустрэць яе на выхадзе з калоніі. Куды накіруецца Ўладлена Функ пасля вызвалення, ён не ведае. Функ з'яўляецца грамадзянкай Расеі, але пражывала ў ЗША.
Нагадаем, грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр і ягоная сакратар Уладлена Функ, (Брускова) былі затрыманыя ў Менску 12 сакавіка 2008 года. Ім было высунутае абвінавачванне ў зборы камерцыйнай інфармацыі і выкарыстанні падробленых дакументаў. 11 жніўня 2008 года Менскі гарадскі суд прысудзіў Эмануіла Зэльцэра да 3 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Уладлену Функ - да 1 году пазбаўлення волі.
Э.Зэльцэр адбывае пакаранне ў выпраўленчай калоніі № 15 у Магілёве, Функ - у жаночай калоніі № 4 Гомеля.
31 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле. Усе судовыя працэсы праходзілі ў закрытым рэжыме. Дзярждэпартамент ЗША працягвае настойваць на вызваленні Эмануіла Зэльцэра з меркаванняў гуманнасці ў сувязі з цяжкім станам здароўя асуджанага.