Улады просяць новы крэдыт – 125 мільёнаў даляраў у Сусветнага банка
- 1.04.2009, 13:40
Скончыліся перамовы Беларусі з Сусветным банкам па прыцягненні пазыкі ў памеры 125 мільёнаў даляраў.
Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю прадстаўніцтва Сусветнага Банка ў Беларусі Ірына Алейнік.
Паводле яе словаў, бакі абмеркавалі ўмовы давання пазыкі. Чакаецца, што ў траўні-чэрвені пытанне аб вылучэнні крэдыту будзе вынесенае на разгляд Рады дырэктараў Сусветнага банка.
Праект дамовы аб пазыцы паміж Беларуссю і Сусветным банкам у якасці асновы для правядзення перамоваў быў ухвалены ўказам Лукашэнкі ад 9 сакавіка 2009 года № 121.
Пазыка Сусветнага банка ў памеры 125 млн. даляраў нібыта неабходная для ўкаранення энергаэфектыўных тэхналогіяў на кацельнях камунальнай уласнасці і ў вялікай энергетыцы. Праект уключае рэканструкцыю двух аб'ектаў Мінэнерга (пераабсталяванне ў ЦЭЦ раённых кацельняў у Барысаве і Магілёве), а таксама чатырох камунальных аб'ектаў — у пасёлку Руба Віцебскай вобласці, у Ашмянах, Барысаве і Рэчыцы.