Леанід Злотнікаў: «Расейскае кіраўніцтва раздражняе пратэкцыянісцкая палітыка Беларусі»
- 1.04.2009, 16:33
Незалежныя эксперты лічаць, што адмова Расеі ў выдачы Беларусі 100 мільярдаў рублёў крэдыту – пытанне не толькі палітычнае, але і эканамічнае.
У інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 вядомы эканаміст Леанід Злотнікаў пракаментаваў адмову Расеі ў выдачы 100-мільярднага крэдыту Беларусі.
«З эканамічнага пункту гледжання Расеі самой патрэбныя грошы не менш, чым Беларусі, -- заявіў эксперт. -- Таксама, напэўна, Беларусь не апраўдвае чакання расейскіх уладаў у палітычным плане. Справа ў тым, што Беларусь і Расея не могуць знайсці кропак сутыкнення ў пытанні адкрытасці сваіх эканомікаў. Усёткі, расейская эканоміка больш ліберальная. У ёй больш канкурэнцыі, больш свабоды бізнэсу. І Расея больш адкрытая для беларускіх тавараў, чым Беларусь для Расеі».
На думку Леаніда Злотнікава, расейскія ўлады раздражняе пратэкцыянісцкая палітыка беларускіх уладаў.
«Беларускія ўлады вядуць пратэкцыянісцкую палітыку, -- заяўляе Леанід Злотнікаў. -- Абарона айчыннага спажыўца ад імпарту вельмі моцная. На фоне свабоднага перасоўвання тавараў паміж Беларуссю і Расеяй увесь час адбываюцца гандлёвыя войны. Беларусь на працягу многіх гадоў спрабуе тармазіць пасоўванне расейскіх тавараў на ўласны рынак. І я думаю, што гэта вельмі моцна раздражняе расейскае кіраўніцтва».
Нагадаем, што 31 сакавіка Расея адмовіла Беларусі ў крэдыце на 100 мільярдаў рублёў. У той жа час у прэс-службе Мінфіна РФ адзначылі, што ім «паступіў новы запыт ад Беларусі на банкаўскі крэдыт на 2 мільярды даляраў пад дзяржгарантыі РФ».
За апошнія паўтары гады аб'ем дадзеных Беларусі крэдытных рэсурсаў з боку Расеі склаў 3 мільярды даляраў, у тым ліку 1,5 мільярды даляраў у канцы 2007 года, яшчэ 1,5 мільярды даляраў двума траншамі ў канцы 2008 года і ў сакавіку 2009 года. Акрамя таго, як паведамляў раней міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын, хутка Расея вылучыць Беларусі чарговы транш у памеры 500 мільёнаў даляраў са стабілізацыйнага крэдыту на 2 мільярды даляраў.