Беларускія ўлады заяўляюць, што расейскія тэлеканалы парушылі Закон аб СМІ
- 1.04.2009, 18:32
Трансляцыя шэрагу расейскіх тэлеканалаў у Беларусі спыненая па рашэнні Тэлекамунікацыйнага галіновага саюза.
Аб гэтым БелаПАН паведаміў памочнік міністра інфармацыі Беларусі Віктар Казлоў.
Па ягоных словах, 1 красавіка на паседжанні ўпраўлення ТОС прынятае рашэнне не ўключаць пяць расейскіх тэлеканалаў — "Первый канал. Всемирная сеть", "РТР-Планета", "НТВ-Мир", "Рен ТВ", TVCI — у пакеты кабельных беларускіх аператараў.
В.Казлоў падкрэсліў, што інтэрасы тэлегледачоў ушчэмленыя не будуць. "Практычна не знікне ні НТВ, ні іншыя пералічаныя каналы. Фактычна ўхіляецца толькі дубляванне. У пакетах аператараў гэтыя тэлеканалы захоўваюцца ў так званай сумешчанай версіі (сумесныя версіі "НТВ-Беларусь", "РТР-Беларусь", ОНТ і інш. — БелаПАН.)", — сказаў ён.
Акрамя таго, адзначыў памочнік міністра, паміж Беларуссю і Расеяй не ўрэгуляванае пытанне прававых адносінаў у сферы электронных СМІ. Міністэрства інфармацыі Беларусі, паведаміў В.Казлоў, летась накіроўвала свае прапановы расейскім калегам, але расейскі бок гэтыя прапановы не задаволіў.
Прапановы, у прыватнасці, датычыліся неабходнасці атрымання ліцэнзіі на трансляцыю расейскіх тэлеканалаў на тэрыторыі Беларусі — гэтага патрабуе новы закон аб СМІ, які ўступіў сілу 8 лютага 2009 года. "Яны (тэлеканалы. — БелаПАН.) не атрымлівалі дазвол на трансляцыю, але гэта не значыць, што не павінныя яго атрымліваць. Калі нам падалося, што нашы расейскія партнёры не зусім уважліва паставіліся да нашых прапановаў, то гэта і стала адным з пунктаў нашых рознагалоссяў", — сказаў Казлоў.
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі і Расеі спадзяюцца ўладзіць узніклыя рознагалоссі хуткім часам. "Збярэцца працоўная група, і я перакананы, што гэта скончыцца падрыхтоўкай міжурадавай дамовы", — сказаў памочнік міністра.
Яшчэ адной прычынай спынення трансляцыі тэлеканалаў ён назваў эканамічны аспект. "Каб рэтрансляваць канал "Беларусь-ТВ" у кабельных сетках Масквы, з нас кабельныя аператары запатрабавалі 45 млн. даляраў", — адзначыў В.Казлоў. Разам з тым, па ягоных словах, рэтрансляцыю расейскіх тэлеканалаў у Беларусі аплочваюць — прыкладна ў такім жа памеры — беларускія кабельныя аператары.
Памочнік міністра падкрэсліў, што Міністэрства інфармацыі Беларусі не мае права "патрабаваць штосьці" ад суб'ектаў гаспадарання, якім з'яўляецца ТГС. "Яны вольныя ў сваіх рашэннях. Мы толькі можам прыняць да ўвагі гэтае рашэнне. Палітычнай падаплёкі ў сённяшнім рашэнні няма", — падкрэсліў В.Казлоў.
Тэлекамунікацыйны галіновы саюз створаны 25 красавіка 2005 года па рашэнні кабельных аператараў і эфірных вяшчальнікаў Беларусі і з'яўляецца правапераемнікам грамадскага аб'яднання "Беларуская тэлевізійная асацыяцыя". ТГС з'яўляецца найбуйным у краіне некамерцыйным аб'яднаннем юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, што ажыццяўляюць сваю дзейнасць у сферы тэлекамунікацый. На сённяшні дзень у склад ТГС уваходзяць 95 суб'ектаў гаспадарання. У цяперашні час упраўленне ТГС узначальвае намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Слабадчук.
Пракаментаваць БелаПАН сітуацыю са спыненнем трансляцыі расейскіх тэлеканалаў у ТГС адмовіліся.
Спыненне вяшчання ў Беларусі «РЕН ТВ» некаторыя звязваюць з суботняй перадачай «Тыдзень з Мар'янай Максімоўскай», у якой быў паказаны сюжэт, прысвечаны асабістаму жыццю Аляксандра Лукашэнкі. На «Первом канале. Всемирная сеть» выходзіць праграма «Пражэктарпэрысхілтан», у якой таксама рэгулярна з'яўляюцца жарты аб Лукашэнку. Прычым з версіі праграмы, якая транслюецца тэлеканалам ОНТ, яны выразаюцца.