BE RU EN

Рассельгаснагляд: «Не трэба думаць, што беларускія прадпрыемствы «белыя і пухнатыя»

  • 10.04.2009, 14:35

У Расеі маюцца прэтэнзіі да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з неадпаведнасцю іх прадукцыі стандартам.

Такую заяву зрабіў намеснік кіраўніка гэтага ведамства Мікалай Уласаў 10 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Маскве, каментуючы абвінавачванні ў адрас Расеі з боку Лукашэнкі ў Беларусі, перадае БелаПАН.

Нагадаем, на гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка неаднаразова абвінавачваў Расею ў невыкананні дамоўленасцяў па ўзаемных пастаўках прадукцыі. «Не хочуць нас пускаць на свае рынкі — мы будзем шукаць іншыя вектары экспарту», — заявіў беларускі кіраўнік 7 красавіка падчас паездкі ў Гомельскую вобласць.

9 красавіка падчас сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці Расеі Валерыем Сердзюковым у Менску Лукашэнка заявіў пра неабходнасць унесці «больш яснасці і празрыстасці» у расейска-беларускія адносіны.

«У Расеі падскочылі кошты на цукар на 30%, а можа і больш. У Беларусі ж цукар не падаражэў. Нам яго няма куды падзець. Чаму так адбываецца? Напэўна, у гэтым зацікаўленыя вытворцы цукру, каб атрымаць больш прыбытку», — сказаў Лукашэнка. Ён таксама звярнуў увагу на праблемы з пастаўкамі ў Расею беларускага малака і сметанковага масла.

Як падкрэсліў 10 красавіка намеснік кіраўніка Рассельгаснагляда, Расея ніколі не абмяжоўвала пастаўкі прадукцыі з Беларусі.

Разам з тым, прызнаў ён, па шэрагу беларускіх прадпрыемстваў у Расеі сапраўды дзейнічаюць абмежаванні, звязаныя з неадпаведнасцю прадукцыі расейскім стандартам альбо з парушэннямі пры афармленні дакументаў.

«Не трэба думаць, што беларускія прадпрыемствы «белыя і пухнатыя», а нашыя ўсе — дрэнныя. Ідзе нармальная працэдура «праполкі», — цытуе чыноўніка РИА Новости.

У якасці прыкладу нядобрасумленных паводзінаў беларускіх прадпрыемстваў Уласаў назваў зварот у Рассельгаснагляд адной з расейскіх кампаніяў, якая нядаўна закупіла 100 тон сухога малака ў Беларусі.

Прадукцыя прадавалася як тавар вышэйшага гатунку, аднак пры спробе прадаць малако айчыннаму хлебазаводу пасля правядзення экспертызы высветлілася, што гэта «не толькі не вышэйшы гатунак, а ад сілы першы», заявіў расейскі чыноўнік. Аднак беларускае прадпрыемства, паводле яго словаў, не прыняла прэтэнзіяў расейскай кампаніі і не забяспечыла зніжку на прадукцыю, якая не адпавядае заяўленым якасцям.

Уласаў нагадаў, што паміж Расеяй і Беларуссю дзейнічае асаблівы рэжым гандлю, аднак, паводле яго словаў, расейскія вытворцы часта аказваюцца менш канкурэнтаздольнымі з-за таго, што беларуская прадукцыя датуецца.

Апошнія навіны