Усяго за месяц пошліна на расейскую нафту вырасла на 28 даляраў
- 10.04.2009, 16:38
Экспартная пошліна на нафту з Расеі з 1 траўня вырасце са 110 да 138 даляраў ЗША за тону.
Пра гэта «Інтэрфаксу» паведаміў намеснік начальніка аддзела мытных плацяжоў Мінфіна Расеі Аляксандр Саковіч.
Нагадаем, што з 1 красавіка мыта складала $110 за тону.
Па словах Аляксандра Саковіча, сярэдні кошт расейскай нафты за перыяд маніторынгу з 15 сакавіка па 9 красавіка склаўся на ўзроўні $47,77 за барэль. Маніторынг праводзіцца па 14-ы дзень уключна, але з-за святкавання Вялікдня ў Еўропе фактычна застаецца толькі адзін гандлёвы дзень - 14 красавіка.
«Хутчэй за ўсё, канчатковы кошт будзе паміж $47,8 і $47,9 за барэль. У гэтым выпадку пошліна будзе вагацца паміж $137- 138 за тону», - сказаў А.Саковіч.
Пры гэтым пошліна на светлыя нафтапрадукты вырасце з 1 траўня з $86,4 да $104-105 за тону, на цёмныя - з $46,5 прыкладна да $56,5 за тону.
Урад РФ вызначае экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты на аснове месячнага маніторынгу кошту расейскай нафты на еўрапейскіх рынках. Маніторынг праводзіцца з 15-га дня месяца па 14-ы дзень наступнага месяца.