«ТВ-Центр»: Мінінфармацыі Беларусі ўжо даўно выкручвала нам рукі
- 13.04.2009, 11:21
Кіраўнікі расейскіх тэлеканалаў, вяшчаньне якіх спыненае ў Беларусі, гавораць пра незаконнасьць захадаў беларускіх уладаў.
Нагадаем, 1 красавіка Тэлекамунікацыйны галіновы саюз у Беларусі прыняў рашэнне не ўключаць у пакеты кабельных беларускіх аператараў пяць расейскіх тэлеканалаў — «Первый канал. Всемирная сеть», «РТР-Планета», «НТВ-Мир», «Рен ТВ», TVCI.
Сваё бачаньне прычынаў такога кроку ў інтэрвію «Радыё Свабода» выказаў дырэктар дырэкцыі замежнага вяшчаньня каналу «ТВ-Центр» Уладзімер Какашвілі.
Перадусім спадар Какашвілі лічыць, што казаць пра самастойнае рашэньне апэратараў кабэльнага вяшчаньня, якія нібыта па ўласнай волі адмовіліся ад пяці расейскіх каналаў, не выпадае.
«Тое, што сьцьвярджаецца – маўляў, такое рашэньне прынялі кабэльныя апэратары на нейкім сваім паседжаньні – дык ведаеце, у выпадку з «унтэрафіцэрскай удавой» таксама сьцьвярджалася, што яна сама сябе высекла. Які кабэльны апэратар на такое пойдзе? Я займаюся распаўсюджваньнем каналаў больш за 10 гадоў. Няма такіх кабэльных апэратараў, якія самі адмовяцца ад распаўсюду таго, што абанэнты ўжо атрымліваюць і за што грошы плацяць. Ну гэта ж абсурд! І ня вельмі, як я разумею, замянілі штосьці ў Беларусі, суцэльныя дзіркі ў эфіры», - кажа ён.
У сьпісе забракаваных беларускімі апэратарамі кабэльнага вяшчаньня «TВ-Центр» апынуўся першым. Уладзімер Какашвілі згадвае, што гэтаму папярэднічала.
«Вы апіраецеся на падзеі 1 красавіка, калі адключылі іншыя каналы, аднак мы «келіх» гэты выпілі раней, проста нас да ўсіх «прышпілілі». У нас свая гісторыя. Магу сказаць, што нам доўга выкручвалі рукі, каб мы аддалі праграму «Сталічнаму тэлебачаньню», каб СТВ само яе фармавала на свой густ, укліньвала рэкляму, запускала ў эфір і аддавала ў кабэльныя сеткі. Пры гэтым нам далі дамову, па якой ад рэклямы там быў запісаны «нуль». Гэта не фігуральна кажучы, а проста права ўрэзкі рэклямы мы прадстаўляем бясплатна», - зазначае прадстаўнік «ТВ-Центру».
І гэта – нягледзячы на тое, што ў «Сталічнага тэлебачаньня» ўжо ёсьць канал Ren-TV.
«Магчыма, падалося недастаткова. Але ж у іх ня толькі Ren-TV, апроч гэтага яны таксама «РТР-Беларусь» робяць», - нагадвае Ўладзімер Какашвілі.
Тэлеканал ТВЦ, адрозна ад НТВ, РТР ды Першага расейскага каналу, адмовіўся ад беларускай адаптацыі, бо яшчэ да 1 красавіка беларускае Міністэрства інфармацыі неаднаразова дапускала парушэньні.
«Па-першае, у нас міжнародная вэрсія, адна ідэалёгія – адзіная вэрсія для ўсіх краінаў блізкага і далёкага замежжа. Міжнародны канал, які нідзе не перарабляецца, тым больш, на мясцовы манэр. Па-другое, два месяцы вялі трансьляцыю без нашай згоды! Проста ўзялі і паставілі ў эфір. Дамову мы не падпісвалі, таму што ў нас эфірных правоў на праграму няма. Гэта канал, які распаўсюджваецца ў кабэльных сетках і на індывідуальныя талеркі. Але пры гэтым СТВ два месяцы нас вяшчала несанкцыянавана.
Мы неаднаразова зьвярталіся да СТВ, у Мінінфарм з патрабаваньнем трансьляцыю ў эфіры на 29-й ТВК спыніць. І ўзгадніць усе дамовы (а было падпісана 60 пагадненьняў з кабэльнымі апэратарамі ў Беларусі). Аднак міністэрства выкручвала рукі, націснула на «Космос TV», каб той нам не плаціў, хоць была падпісаная дамова. У «МТІС» аддалі праз СТВ, таму апэратар вяшчаў нас без дамовы. Пасьля таго, як да нас пачалі паступаць прэтэнзіі ад праваўладальнікаў, СТВ усё ж прыслухаўся да голасу розуму і эфір выключыў. А праз некалькі дзён нас выключылі ў кабэлі Менска, а 1 красавіка ўжо і па ўсёй Беларусі», - распавядае прадстаўнік «ТВ-Центру».
Адной з прэтэнзій да расейскага боку зьяўляецца рэзкае падвышэньне кошту за трансьляцыю каналаў - маўляў, новых тарыфаў беларускія апэратары папросту не адужалі. Насам жа рэч гэта няпраўда, заяўляе Ўладзімер Какашвілі.
«Сьцьвярджаецца, што «ТВ-Центр» падвысіў плату за канал. На самой справе, абанэнцкая плата за TVCI ёсьць мінімальнай, яна не зьмянялася ад 2008 году і складае 5,5 цэнта за аднаго абанэнта, якія спаганяе наш прадстаўнік з кабэльнага апэратара. Таксама гаворыцца, што TVCI нібыта забірае рэклямныя прыбыткі ў мясцовых кампаній, якія разьмяшчаюць сваю рэкляму на TVCI, пакідаючы такім чынам мясцовыя каналы без гэтых паступленьняў. Гэта абсалютная няпраўда, паколькі на TVCI не было, няма і ў бліжэйшай будучыні рэклямы ня будзе. Гэта цудоўна ведалі гледачы, якія глядзелі канал і ня бачылі там ніводнага рэклямнага роліка», - камэнтуе экспэрт.
Пры канцы мінулага тыдня тэму адключэньня расейскіх каналаў закрануў Аляксандар Лукашэнка. Апроч асабістых крыўдаў, маўляў, расейцы выстаўляюць яго «ідыётам», а ягоных дзяцей – «ненармальнымі і жулікамі» – ён акцэнтаваў увагу на поўнай адсутнасьці парытэту. Па словах Лукашэнкі, у той час як Беларусь ў мэдыйнай прасторы Расеі не прадстаўленая практычна ніяк, расейскіх каналаў у беларускім эфіры – дзясяткі. Пры гэтым рубам паставіў пытаньне спадарожнікавага каналу «Беларусь TV», ад якога ўпарта адмаўляюцца расейскія апэратары кабэльнага вяшчаньня. Як лічыць дырэктар дырэкцыі замежнага вяшчаньня каналу «ТВ-Центр» Уладзімер Какашвілі, пра нейкі парытэт у дадзеным выпадку гаварыць не даводзіцца.
«У дадзеным выпадку ўсё вызначаецца чыстай камэрцыяй. Ня будзе знаходзіць попыту беларускі канал. Папросту ня будзе за яго глядач плаціць. Таму ў нейкіх сетках ён ідзе, але тое, што жадае Міністэрства інфармацыі – каб ён шоў у асноўных кабэльных сетках Масквы – то тут усё ўпіраецца ў ёмістасьці. Ёмістасьці абмежаваныя і за іх каналу трэба альбо плаціць, калі ў яго маецца пэўная мэта, што яго абавязкова трэба паказваць (рэкляму ставіць ці яшчэ нешта), альбо вы аддаяце кабэльнаму апэратару і ён прадае, зьбірае грошы. Частку пакідае сабе, частку аддае вам.
Вось па такім прынцыпе мы распаўсюджваліся ў Беларусі. На нас ёсьць попыт, людзі гатовыя за нас плаціць. Роўна як і за іншыя расейскія каналы. Але гэта відавочна: пры ўсёй павазе да Беларусі (я тут баюся быць незразумелым), няма такога попыту на «Беларусь TV» у Расеі, як на расейскія каналы ў Беларусі. Таму тут патрабаваць нейкага парытэту немагчыма, гэта – чыстая камэрцыя. Я не хацеў гэта гаварыць, але, напэўна, расейскае тэлебачаньне мацнейшае, цікавейшае, людзі хочуць яго глядзець, таму гатовыя і грошы плаціць», - дадаў прадстаўнік «ТВ-Центру».