Анатоль Лябедзька: «Улады вымушаюць апазіцыю выйсці на Кастрычніцкую плошчу»
- 14.04.2009, 15:42
Лідэры беларускай апазіцыі заяўляюць, што так званая палітыка «лібералізацыі» рэжыму Лукашэнкі вымушае дэмакратычныя сілы выходзіць на вуліцы.
Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што загад ЖРЭА Савецкага раёна Менска з патрабаваннем на адрас Партыі БНФ вызваліць менскі офіс даказвае адсутнасць лібералізацыі ў Беларусі, піша сайт ucpb.org.
«Нам, хутчэй за ўсё, прыйдзецца збірацца на Кастрычніцкай плошчы насупраць будынку адміністрацыі прэзідэнта», - адзначыў Анатоль Лябедзька.
«Зараз палітычныя партыі, а я кажу ад іх імя, адчуваюць на сабе моцны ціск. АГП зусім нядаўна была вымушаная ліквідаваць свой офіс у Бабруйску, і гэта было звязана з «наездам» на арэндадаўца», - заяўляе Лябедзька.
«Магчымасці для збору дэмакратычных сілаў у Менску і без таго вельмі абмежаваныя. У апошні час няма вялікага офіса ў Партыі камуністаў Беларускай на чале з Сяргеем Калякіным. Адзінае, што застаецца, - гэта памяшканне на 30, максімум 35 чалавек у офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі», - дадаў ён.
Нагадаем, што 13 красавіка Партыя БНФ атрымала ліст з ЖРЭА Савецкага раёна з патрабаваннем вызваліць менскі офіс у тэрмін да 8 ліпеня. Сакратар управы Партыі БНФ Наталля Красуцкая заявіла:
«У лісце кажацца пра запазычанасць перад камунальнікамі ў памеры 6,381 млн. рублёў. Аднак гэтая запазычанасць была пагашаная 9 красавіка».
Па словах старшыні Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага, ліст з ЖРЭА носіць палітычны характар.