BE RU EN

КДБ прад'явіў абвінавачванне праваабаронцы Леаніду Свеціку: яму пагражае 5 год турмы

  • 15.04.2009, 16:22

Віцебскага праваабаронцу абвінавачваюць у «распальванні нацыянальнай варожасці» і паклёпе на Аляксандра Лукашэнку.

Абвінавачванне праваабаронцу было сёння прад'яўлена, прычым ужо ў другі раз, следчым Упраўлення КДБ па Віцебскай вобласці.

«Следчы задаў мне адно-адзінае пытанне: ці лічу я сябе вінаватым - цалкам, часткова ці не прызнаю сваёй віны? Я адказаў: не, не прызнаю. Заўтра пайду знаёміцца з матэрыяламі справы. Паўторна», - кажа Леанід Свецік.

Пасля знаёмства з матэрыяламі справа будзе перададзеная ў пракуратуру Віцебскай вобласці.

Акрамя таго, Цэнтр занятасці арыштаваў рахунак, адкрыты на імя Леаніда Свеціка. Праваабаронца абураны тым фактам, што яго сям'ю, у якой старэйшаму дзіцяці - 9 гадоў, а малодшаму - год і восем месяцаў, пазбавілі сродкаў да існавання:

«Арыштавалі мой рахунак. Па дамове з Цэнтрам занятасці я вучыўся на індывідуальнага прадпрымальніка. Напісаў бізнэс-план, які Цэнтр зацвердзіў. І на падставе якога мне дзяржава вылучыла субсідыю (я хачу заняцца аказаннем паслугаў у сферы адукацыі, і субсідыя гэтая прызначаная на набыццё тэхнікі: наўтбука і друкаванага абсталявання). Гэта было 7 красавіка.

13 красавіка я зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, прыношу дакументы аб рэгістрацыі ў Цэнтр занятасці, а мне кажуць: тэлефанавалі з УКДБ Віцебскай вобласці і запатрабавалі арыштаваць рахунак. Мяне і маю сям'ю, дзе двое малалетніх дзяцей, а жонка знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за дзіцем, пазбавілі кавалка хлеба. Мяне пазбавілі права на працу. Хіба так робіцца?» - распавядае Леанід Свецік ў інтэрв'ю «Беларускаму партызану».

У 2006-2007 гадах Леанід Свецік кансультаваў віцебскіх актывістаў, якія атрымлівалі лісты з пагрозамі ад імя незарэгістраванай прафашысцкай арганізацыі «Рускае нацыянальнае адзінства», дапамагаў складаць скаргі ў пракуратуру.

Крымінальная справа па фактах пагрозаў боку РНА была ўзбуджаная УКДБ па Віцебскай вобласці па арт. 130.1 КК толькі 20 траўня 2008 года. Леанід Свецік быў згаданы спачатку ў якасці сведкі па справе, аднак пазней яму паведамілі, што ён з'яўляецца ўжо падазраваным. У верасні 2008 года крымінальная справа супраць Леаніда Свеціка было прыпыненая, а 31 сакавіка 2009 года праваабаронцу было прад'яўленае абвінавачванне адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці (арт.130 Крымінальнага кодэкса) і паклёп у дачыненні да прэзідэнта Беларусі (арт. 367 Крымінальнага кодэкса). У праваабаронцы ўзятая падпіска аб невыяздзе.

Падобна, цкаванне праваабаронцаў у Беларусі набірае абароты. Трэба нагадаць, што ў ноч на 7 сакавіка пакончыла жыццё самагубствам праваабаронца з Салігорска Яна Палякова. Праваабаронцы настойваюць на ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце «давядзенне да самагубства».

Апошнія навіны