Аляксандр Казулін: «Уражвае крывадушнасць некаторых еўрапейскіх палітыкаў»
- 17.04.2009, 17:14
Экс-кандыдат у прэзідэнты лічыць, што Еўропа адыходзіць ад сваіх маральных каштоўнасцяў, запрашаючы дыктатара на саміт ЕЗ.
17 красавіка былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандар Казулін прыняў удзел у сустрэчы дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сілаў з кіраўніком МЗС Чэхіі Карэлам Шварцэнбергам, які, як вядома, сёння перадаў Аляксандру Лукашэнку запрашэнне наведаць саміт Усходняга партнэрства ў Празе.
«Мяне здзіўляе, як так атрымалася, што раніцай падчас сустрэчы з дэмакратычнымі сіламі Карэл Шварцэнберг казаў, што рашэнне пра запрашэнне ў Прагу беларускага кіраўніка яшчэ не прынятае, а праз некалькі гадзінаў асабіста запрашае Лукашэнку на саміт. Калі я сустракаўся з Карэлам Шварцэнбергам у Празе, ён быў настроены больш канструктыўна. Тады ён казаў, што дыялог павінен весціся на маральных прынцыпах. Крывадушнасць здзіўляе больш за ўсё. Здаецца, еўрапейскія палітыкі вучацца гэтаму ў беларускіх уладаў», --- заявіў палітык у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.
Пры гэтым, лічыць Казулін, візіт Лукашэнкі на саміт у ЕЗ дагэтуль застаецца пад пытаннем.
«Да 7 траўня яшчэ ёсць час, -- сказаў Аляксандар Казулін. -- Я ня думаю, што Лукашэнку будзе прыемна прыехаць у Прагу. Таму што мы ведаем пазіцыю шматлікіх еўрапейскіх краінаў датычна рэжыму беларускага кіраўніка. Напрыклад, пазіцыю той сама Галяндыі. Сам факт запрашэння Лукашэнкі ў Прагу кажа пра тое, што ёсць сур'ёзныя адыходжанні Еўразвязу ад сваіх фундаментальных маральных каштоўнасцяў, на якія абапіраецца Еўропа. Але ўсё адно Лукашэнку будзе вельмі складана паехаць у Прагу. З боку чэскай грамадзкасці могуць быць дэманстрацыі пратэсту, а некаторыя кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаваў могуць выказаць яму ў твар свае прэтэнзіі».
Былы кандыдат у прэзідэнты нагадвае, што візіт Шварцэнберга праходзіў на тле рэпрэсіяў супраць беларускай апазіцыі.
«Падчас сустрэчы я распавёў Шварцэнбергу пра разгон мірнай акцыі 16 красавіка ў Дзень салідарнасці ў Менску, пра затрыманні на мяжы, пра палітвязняў, якія сядзяць у беларускіх турмах, -- распавёў Аляксандр Казулін. --Я сказаў, што ў Беларусі аніводны чалавек сёння не можа сказаць, што ў нашай краіне адбываюцца значныя змены. І таму запрашэнне Лукашэнкі ў Прагу будзе амаральным. Мы казалі, што з Беларуссю павінен весціся дыялог. Але пыталіся, ці магчыма весці дыялог без умоваў? Карэл Шварцэнберг ўхіляўся ад прамога адказу. Было дзіўна, што чалавек, які сам 20 гадоў змагаўся за правы чалавека, прапускаў нашы тэзы міма вушэй. Ён спрабаваў пазбегнуць вострых тэмаў, якія мы ўзнімалі».
Па словах Аляксандра Казуліна, запрашэнне Лукашэнкі на саміт у Празе кажа пра тое, што ў дыялогу Еўропы з Беларуссю пакуль што перамагае прагматызм.
«Падчас нашай сустрэчы з Карэлам Шварцэнбергам Павал Севярынец нагадаў пра умовы, якія высоўваў Еўразвяз беларускім уладам: вызваленне палітвязняў, змена выбарчага і крымінальнага заканадаўства. Але Шварцэнберг ухіляўся ад адказаў на гэтыя пытанні. Ён казаў, што нават сантыметар руху наперад – гэта ўжо вялікі поспех. Але мы можам рухацца ў год па сантыметры наперад, і пры гэтым адыходзіць па метры назад».