BE RU EN

«Еўраньюс» назваў беларускага кіраўніка апошнім дыктатарам Еўропы (Відэа)

  • 18.04.2009, 21:45

Ангельская служба тэлеканала «Еўраньюс» жорстка ацаніла факт запрашэння беларускага кіраўніка на саміт ЕЗ.

Сюжэты пра запрашэнне Лукашэнкі ў Прагу ў англамоўнай і расейскамоўнай версіях тэлеканала «Еўраньюс» традыцыйна адрозніваліся. Так, напрыклад, у англамоўнай версіі Лукашэнка быў названы «апошнім дыктатарам Еўропы». У расейскамоўнай – «прэзідэнтам Беларусіі».

На англамоўнай версіі сайта тэлеканала «Еўраньюс» тэкст навіны пададзены наступным чынам (пераклад прэс-цэнтра Хартыі’97):

«Апошняга дыктатара Еўропы» запрасілі на саміт ЕЗ (ВІДЭА)

Прэзідэнт Беларусі, ці «апошні дыктатар Еўропы», як яго называюць у ЗША, атрымаў запрашэнне прыняць удзел у саміце Еўразвяза, які павінен адбыцца ў Празе. На саміце плануецца абмеркаваць пытанні супрацоўніцтва ЕЗ з постсавецкімі краінамі. Адносіны Аляксандра Лукашэнкі і заходніх краінаў даўно застаюцца нацягнутымі: аж да 2008 года яму быў забаронены ўезд у Еўразвяз.

Урады еўрапейскіх дзяржаваў і праваабарончыя арганізацыі лічаць, што ў Беларусі ўціскаецца апазіцыя, адсутнічаюць свабодныя СМІ. Лукашэнка атрымаў запрашэнне ад кіраўніка чэшскага МЗС Карла Шварцэнберга. Нагадаем, што ў цяперашні момант менавіта Чэхія старшынюе ў ЕЗ.

Прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс, па ўласным сцвярджэнні, быў «здзіўлены» рашэннем Шварцэнберга. Кіраўнік Чэшскай Рэспублікі не мае намеру падаваць рукі Лукашэнку. Больш за тое, мерапрыемствы ў прэзідэнцкім Палацы ў Празе пройдуць без удзелу беларускага кіраўнікі дзяржавы.

А так тая ж навіна была пададзеная Рускай службай «Еўраньюс» (пакідаем назву краіны, як у арыгінальным тэксце):

Чэхія запрасіла прэзідэнта Беларусіі прыняць удзел у саміце ў ЕЗ

Прэзідэнта Беларусіі Аляксандра Лукашэнку запрасілі прыняць удзел у саміце Еўразвяза. Ён адбудзецца ў Празе 7 траўня.

Чэхія, якая выконвае абавязкі старшыні, мае намер сабраць на сустрэчу кіраўніцтва краінаў ЕЗ і шасці дзяржаваў, уключаных у праграму «Усходняе партнёрства». Яна прадугледжвае пашырэнне супрацоўніцтва Еўразвяза з Украінай, Беларуссю, Малдавіяй, Арменіяй, Азербайджанам і Грузіяй.

Пасля пахаладання адносінаў паміж Менскам і Брусэлем у 2006 годзе, сёння намецілася пазітыўная дынаміка. У красавіку мінулага года адкрылася прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі, затым былі знятыя візавыя абмежаванні для беларускіх афіцыйных асобаў.

Прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс выказаў здзіўленне з нагоды ўручэння прэзідэнту Беларусі запрашэння на саміт. Ён адмаўляецца прыняць беларускага лідэра ў сваёй афіцыйнай рэзідэнцыі і сустракацца з ім, паведаміў прэс-сакратар Клаўса.

Масква прывітала рашэнне Еўразвяза. «Расея сваіх партнёраў па ЕЗ заўсёды пераконвала ў бесперспектыўнасці санкцыяў у дачыненні да сяброўскай нам Беларусі», – заявіў памочнік прэзідэнта Расеі.

P.S. Дарэчы, наш журналіст, праглядаючы ўчора навіны «Еўраньюс» на расейскай мове, звярнуў увагу на тое, што сюжэт пра запрашэнне Лукашэнкі ў Прагу быў праанансаваны ў блоку навінаў, але чамусьці не быў паказаны. Магчыма, у Беларусі вырашылі не пускаць у эфір нават гэты больш лаяльны ў дачыненні да беларускіх уладаў рэпартаж.

Апошнія навіны