Амбасадар Беларусі ў Бельгіі: «Нам цікавы ўдзел у дыялогу пры ўмове — без умоваў»
- 2.04.2009, 9:20
Падчас канферэнцыі «Дарожная карта для Беларусі» у сценах Еўрапарламента амбасадар Беларусі ў Бельгіі заявіў, што дыялог з Еўразвязам магчымы толькі «без умоваў».
31 сакавіка ў Брусэлі прайшла канферэнцыя «Дарожная карта для Беларусі» па ініцыятыве трох найбуйных фракцый Еўрапарламента. Сярод тэмаў заяўленых дакладаў — змены ў Беларусі з кастрычніка 2008 года і перспектывы развіцця адносінаў ЕЗ з Беларуссю, паведамляе сайт ucpb.org.
Прысутнасць амбасадара Беларусі ў Бельгіі Ўладзіміра Сянько не планавалася на канферэнцыі. Канспектаваў тое, што адбывалася ў зале, аташэ па культуры. Аднак пасля абеду амбасадар у Бельгіі, ён жа пастаянны прадстаўнік пры ЕЗ і НАТА, з'явіўся і агучыў пазіцыю афіцыйнага Менска.
Перад з'яўленнем у зале амбасадара выступаў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які заявіў, што адчувае сябе дыскамфортна, калі ў дыскусіі не прымаюць удзел прадстаўнікі ўлады.
Уладзімір Сянько пахваліў прадстаўніка Еўрапейскай камісіі Х’юга Мінгарэлі за крытыку стратэгіі ізаляцыі і заявіў, што «Менск не просіць ЕЗ аб супрацоўніцтве».
«Нам цікавы ўдзел у дыялогу пры ўмове - без умоваў, калі Беларусь - роўны партнёр з роўнымі правамі», - падкрэсліў ён.
«Амбасадар Сянько ад імя беларускіх улад патрабуе роўных правоў у дыялогу з Брусэлем, - сказаў падчас дыскусій Анатоль Лябедзька. - Але ў гэтай сітуацыі ўзнікае натуральнае пытанне: чаму Менск, патрабуючы роўнасці ад Еўропы, не кіруецца гэтым жа прынцыпам унутры Беларусі? Чаму ўлады адмаўляюць у праве на роўны дыялог без умоваў сваім палітычным апанентам? І як спрыяюць наладжванню дыялогу выказванні кшталту «пятая калона» і «ворагі народа»?
На пастаўленыя пытанні амбасадар адрэагаваў словамі: «Мой падыход робіць немагчымым удзел у дыскусіі з маімі суайчыннікамі за межамі Беларусі».
«Застаецца дадаць, што і ўнутры краін таксама», - канстатуе Анатоль Лябедзька.