BE RU EN

Іван Шыла звярнуўся да міністра адукацыі Польшчы – на радзіме яму не даюць вучыцца

  • 20.04.2009, 10:14

Актывіст «Маладога Фронту» Іван Шыла звярнуўся да міністра адукацыі Польшчы Катажыны Халь з просьбай дазволіць яму здаць апошні іспыт па ангельскай мове і атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі.

У сваім лісце гвалтоўна прызваны ў армію моладзевы актывіст адзначае, што ўлетку 2008 года «па палітычных прычынах быў выключаны са школы перад апошнім іспытам». Затым ён звярнуўся ў суд, але не змог знайсці там праўды з прычыны залежнасці беларускіх суддзяў ад выканаўчай улады, піша сайт mfront.net.

У лютым Івана Шылу «у парушэнне ўсіх юрыдычных працэдураў і нормаў, гвалтоўным і незаконным чынам забралі ў армію».

У падобных сітуацыях апынуліся таксама старшыня «Моладзі БНФ» Франак Вячорка і адзін з лідэраў «Маладога Фронту» Зміцер Хведарук.

«Зараз я знаходжуся ў арміі, але маю законнае права здаць апошні школьны іспыт, пра што мне і было паведамлена прадстаўнікамі ўладаў падчас прызыву. Калі ж дайшло да справы, дык беларускія Міністэрства абароны і Міністэрства адукацыі пачалі ўхіляцца ад давання мне гэтай цалкам законнай магчымасці», - піша Шыла ў сваім звароце.

Моладзевы актывіст падкрэслівае, што польскі ўрад заўсёды вельмі эфектыўна падтрымліваў беларускае грамадства, нагадвае аб адукацыйнай праграме імя Кастуся Каліноўскага і спадзяецца на падтрымку польскага боку ў гэтым пытанні.

Апошнія навіны