Беларуская дыктатура закупляе на заходнія крэдыты расейскія ўзбраенні
- 20.04.2009, 12:38
Беларусь звярнулася да расейскага кіраўніцтва з просьбай паставіць на ільготнай ці бязвыплатнай аснове ўзбраенне супрацьпаветранай абароны для размяшчэння на заходніх межах краіны.
Як паведаміла расейскай газеце «Коммерсант» крыніца ў апараце «саюзнай дзяржавы», гаворка ідзе «пра ўвесь спектр найноўшых комплексаў супрацьпаветранай абароны». Гэта могуць быць тактычныя ЗРК «Тор-М2», найноўшыя сістэмы СПА С-400, а таксама ракетныя комплексы «Іскандэр». Беларускія вайскоўцы таксама хочуць дапоўніць гэтае ўзбраенне расейскімі баявымі самалётамі.
Цікавасць Менска да новага расейскага ўзбраення таксама пацвердзіла выданню крыніца ў «Расабаронэкспарце». Гэтае пытанне, як мяркуе «Коммерсант», Аляксандр Лукашэнка і сакратар расейскага Савета бяспекі Мікалай Патрушаў маглі абмяркоўваць 9 красавіка. Афіцыйна было абвешчана, што ў парадак гэтай сустрэчы ўнесеныя «некаторыя пытанні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва».
Крыніца ў «Расабаронэкспарце» паведаміла, што Беларусь з'яўляецца партнёрам Расеі па АДКБ і ў дачыненні да гэтай дзяржавы дзейнічае ільготны рэжым паставак узбраення і ваеннай тэхнікі. «Тым больш гэта датычыць абсталявання адзінай сістэмы СПА», - падкрэсліў суразмоўца газеты. Тым не менш, паводле яго словаў, ніякага рашэння па гэтым пытанні Масквой пакуль яшчэ не прынята.
Расея і Беларусь заключылі дамову аб сумеснай ахове знешняй мяжы «саюзнай дзяржавы» у паветранай прасторы і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны 3 лютага 2009 года. Дакумент быў падпісаны ў Крамлі па выніках паседжання Вышэйшага Дзяржсавета «саюзнай дзяржавы» у прысутнасці прэзідэнтаў двух краінаў.
Пасля падпісання гэтай дамовы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што разлічвае на бясплатныя расейскія камплектуючыя для ўзбраення СПА. А ў пачатку красавіка камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі генерал-маёр Ігар Азаронак паведаміў, што ў межах развіцця адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Масква паставіць Беларусі найноўшыя зенітныя ракетныя сістэмы С-400 «Трыюмф». Пазней гэтую інфармацыю пацвердзіў першы намеснік галоўкама ВПС Расеі генерал-лейтэнант Вадзім Валкавіцкі.
Камандуючы ВПС і СПА Беларусі таксама паведаміў аб намеры закупіць расейскія ваенныя самалёты ў межах тэхнічнага пераабсталявання Узброеных сілаў краіны. Паводле яго словаў, частка парка беларускай авіяцыі пройдзе мадэрнізацыю, а астатнія, якія не маюць такога патэнцыялу, будуць паэтапна замяняцца новымі ўзорамі. Якімі менавіта - генерал не паведаміў.
Нагадаем, што 7 траўня ў Празе пройдзе саміт праграмы Еўрапейскага Звяза «Усходняе партнёрства». Запрашэнне для ўдзелу ў саміце атрымаў Аляксандр Лукашэнка.