Напярэдадні саміту ЕЗ у Празе Карэл Шварцэнберг сустрэнецца з беларускімі дэмакратамі
- 21.04.2009, 9:28
5-6 мая міністр замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнберг сустрэнецца з Зянонам Пазняком, Івонкай Сурвилай, Станіславам Шушкевічам, Аляксандрам Казуліным і Аляксандрам Мілінкевічам.
Сустрэча адбудзецца напярэдадні пражскага саміту «Ўсходняга партнёрства». Аб гэтым паведаміла адна з арганізатараў сустрэчы супрацоўніца недзяржаўнай арганізацыі «People in Need» Ратка Бзанкова:
«Перад гэтым самітам будзе нешта накшталт саміту НДА або форума НДА. І некаторыя чэшскія арганізацыі запрасілі ў Прагу прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. Адбудзецца сустрэча лідэраў дэмакратычнай апазіцыі з Карэлам Шварцэнбергам. Яна павінная адбыцца 5 або 6 мая ў Празе. З беларускага боку будуць Казулін, Шушкевіч, Мілінкевіч. Таксама там будзе Івонка Сурвіла з Канады і Зянон Пазняк. Я думаю, ім будзе цікава пачуць ад Карэла Шварцэнберга пазіцыю Чэхіі наконт «Усходняга партнёрства», чаму яны запрасілі Лукашэнку або Беларусь як краіну, якія чаканні ў Еўразвяза ад «Усходняга партнёрства» і блізкія да гэтага тэмы».
Лідэр партыі КХП БНФ Зянон Пазняк лічыць, што Беларусь павінная ўдзельнічаць ва «Ўсходнім партнёрстве». Аднак ці паедзе ён у Прагу, палітык пакуль не вырашыў.
«Я проста павінен дакладней ведаць, якім будзе фармат, якія пытанні. Паколькі, па-першае, гэта далёка (я павінен буду ехаць з Нью-Ёрка). Па-другое, я павінен усё ўзважыць, пакуль яшчэ не дастаткова інфармацыі», - сказаў палітык.
Нагадаем, што 17 красавіка кіраўнік МЗС Чэхіі Карэл Шварцэнберг уручыў запрашэнне Аляксандру Лукашэнку на саміт «Усходняга партнёрства», які адбудзецца 7 мая ў Празе. Лукашэнка пакуль не адказаў, ці паедзе ён на саміт. Аднак шматлікія еўрапейскія лідэры спадзяюцца, што ён Беларусь на саміце прадставіць міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў або кіраўнік урада Сяргей Сідорскі.