Скаргу актывістаў Саюза палякаў Беларусі не задаволілі
- 21.04.2009, 15:20
Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргу актывістаў непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў Ігара Банцэра і Мечыслава Яскевіча.
Суд пакінуў без змяненняў пастанову суда Ленінскага раёна Гародні аб адміністрацыйным пакаранні актывістаў у выглядзе штрафу ў памеры 525 000 рублёў кожнаму за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, паведаміла «Радыё Рацыя».
У сакавіку бягучага года суддзя Наталля Козел завочна прыцягнула да адказнасці актывістаў непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў: Мечыслаў Яскевіч не атрымаў своечасова позву ў суд, а Ігар Банцэр па незразумелых прычынах быў выдалены з паседжання. Гэтыя абставіны ніякім чынам не паўплывалі на рашэнне абласнога суда, які пакінуў пастанову суда Ленінскага раёна без зменаў.
На думку адваката Ігара Сазановіча падобна на тое, што ў судзе былі сфальсіфікаваныя адпаведныя дакумаенты, якія і сталі падставай для вынясення канчатковага рашэння:
- Справа ў тым, што, прыкладам, Ігар Банцэр знаходзіўся ў судзе Ленінскага раёна падчас разгляду справы ў сакавіку, аднак суд гэта праігнараваў – былі зробленыя дакументы, якія засведчылі, што ён на судовае паседжанне не з’явіўся. У матэрыялах справы ёсць падцверджанне таго, што Мечыслаў Яскевіч не быў пастаўлены ў вядомасць, аднак і гэта суд не прыняў да ўвагі.
Падчас паседжання суддзя Уладзімір Яўхута не задаволіў хадайніцтвы Ігара Банцэра і Мечыслава Яскевіча аб запрашэнні ў суд сведкаў і журналістаў.
На думку актывістаў Саюза палякаў, такія дзеянні з’яўляюцца пазазаконнымі, у сувязі з чым яны маюць намер напісаць скаргу на дзеянні суддзі ва ўпраўленне юстыцыі, а само рашэнне абскардзіць у Вярхоўным судзе.