Аляксандр Патупа: «Крызіс можа непрыемна адбіцца на буйных прадпрыемствах Беларусі»
- 23.04.2009, 10:24
Незалежныя эксперты лічаць, што ў перыяд крызісу беларускую эканоміку трэба пераводзіць на рынкавыя рэйкі і забяспечваць інвестыцыйную бяспеку краіны.
Ганаровы старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа ў інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» заявіў, што беларускім уладам неабходна клапаціцца аб інвестыцыйнай бяспецы краіны.
- У беларускіх прадпрыемстваў істотна ўпаў аб'ём продажаў - ад 10 да 60 адсоткаў. Спроба вырабляць столькі, колькі раней, паводле плану, прывяла да таго, што паўстала сур'ёзнае затаварванне. Тая велізарная плынь нафтадаляраў, якая пакрывала Расею і нам перападала, паменшылася. Вядома, гэта прывяло да падзення эканамічных паказчыкаў.
- Наколькі эфектыўныя меры ўлад па супрацьдзеянні крызісу?
- Мы не павінныя рабіць выгляд, што можам сур'ёзна змяніць хвалю сусветнага фінансавага крызісу. Справа ў тым, што Беларусь на два парадкі адстае ад маштабу працэсаў, якія адбываюцца ў сусветнай эканоміцы. На мой погляд, можна толькі разумна адаптавацца да гэтых працэсаў, падыходзіць да іх з тым, каб панесці найменшыя страты. Вельмі важна рыхтавацца да нармальнай рынкавай эканомікі. У прынцыпе, што трэба рабіць ужо даўно - працаваць на інвестыцыйную бяспеку краіны. Трэба пераглядаць статут беспрацоўнага, трэба прыватнаму бізнэсу даць магчымасць ствараць працоўныя месцы, трэба выпраўляць усе памылкі і пачынаць жыць па сродках і па розуме.
- Якой выйдзе эканоміка краіны з крызісу?
- Крызіс можа непрыемна адбіцца на буйных прадпрыемствах Беларусі. Не факт, што іх прадукцыя спатрэбіцца ў ранейшых аб'ёмах. Напрыклад, трактарны завод разлічаны на вытворчасць 100 тысяч трактароў штогод, але ў 2008 годзе ён выпусціў усяго 13 тысяч трактароў. А усю інфраструктуру прадпрыемства павіннае ўтрымоўваць, як раней. А гэта нерацыянальна, таму прыйшоў час прымаць сур'ёзныя рашэнні ў эканоміцы.