BE RU EN

Беларускія ўлады рэзка ўзнялі пошліны на імпарт: тавары падаражэюць у разы

  • 23.04.2009, 11:22

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб часовым вызначэнні ставак увазных мытных пошлінаў на тавары».

Згодна з ўказам на 9 месяцаў падвышаныя ўвазныя пошліны на шырокі пералік імпартных спажывецкіх тавараў.

У пералік уключаныя, у прыватнасці, пабытовыя электрапрылады, у тым ліку тэлевізары, халадзільнікі, ЗВЧ-печы, пыласосы, цюнэры, спліт-сістэмы, гадзіннікі. Пошліны на гэтую групу тавараў складаюць ад 25% да 40% мытнага кошту. Пры гэтым мінімальныя стаўкі пошлінаў на імпартныя тэлевізары складуць ад 50 да 200 еўра, паведамляе «Інтэрфакс».

Падвышаныя таксама ўвазныя пошліны на драўляную мэблю, прадукцыю дрэваперапрацоўкі (у прыватнасці, на ДВП, ДСП, фанеру), вырабы з паперы (у прыватнасці, шпалеры, сурвэткі, папяровыя ручнікі), на шэраг прадуктаў харчавання, у тым ліку на вінаграднае віно (да 30% ад мытнага кошту), марозіва (25%), тканіны і гатовае адзенне (25-30% мытнага кошту).

У дакуменце абумоўліваецца, што вызначаныя ў ім увазныя пошліны на тэкстыльныя вырабы не распаўсюджваюцца на імпарт Еўразвяза, Турцыі, Швейцарыі, Ліхтэнштэйна. На тэкстыль з гэтых краінаў захаваны ўзровень пошлінаў, зацверджаны ўказам N68 у лютым 2008 года: на тканіны - 4-8% мытнага кошту, гатовае адзенне - 12%.

Такім чынам, у некаторых выпадках мытныя стаўкі на імпартную пабытовую тэхніку падвышаныя з 5% да 30%.

Таксама на 6 месяцаў падвышаныя ўвазныя мытныя пошліны на прадукты харчавання. Пошліны на бульбу, рэпчатую цыбулю, белакачанную капусту, моркву і сталовыя буракі зацверджаныя ў памеры 180% ад іх мытнага кошту.

Як заявілі ў міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, падвышэнне пошлінаў абумоўленае неабходнасцю абароны айчынных вытворцаў. Там заўважылі, што ў цяперашні час і ў стабілізацыйных фондах, створаных Мінгандлем на міжсезонны перыяд, і ў гароднінасховішчах прадпрыемстваў ёсць дастатковыя рэсурсы гародніны.

У прыватнасці, у сховішчах сельгасарганізацыяў на 1 сакавіка бягучага года знаходзілася 26,7 тыс. т бульбы, 390 т яблыкаў, 51,3 тыс. т гародніны, у тым ліку 15,9 тыс. т капусты, 9,8 тыс. т морквы, 5,8 тыс. т буракоў і 19,9 тыс. т рэпчатай цыбулі.

Аб'ёмы садавінагародніннай прадукцыі і бульбы, якія маюцца, утрая перавышалі запасы на той жа перыяд 2008 года. З 1 сакавіка бягучага года скончыўся тэрмін дзеяння сезонных мытных пошлінаў на гародніну, якая ўвозіцца на мытную тэрыторыю краіны. На цыбулю яны былі зацверджаныя ў памеры 180% ад мытнага кошту тавара, на буракі - у памеры 150%, моркву - 120%, капусту - 75%.

Як заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 старшыня аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў, новы ўказ Лукашэнкі значна абмяжуе пакупніцкую здольнасць беларускага спажыўца.

«Адбылося тое, чаго мы і баяліся, -- заявіў Віктар Гарбачоў. -- Мы не чакалі, што ўлады адважацца на такі вельмі непапулярны крок абмежавання ўвозу імпартных тавараў з мэтай разгрузкі беларускіх складоў. Улады пазбаўляюцца ад імпарту. Гандлю ў Беларусі зараз і без таго няма. Зарплаты жыхароў краіны знізіліся, асабліва ў рэгіёнах. Новы ўказ будзе азначаць, што кошты на тавары, якія ўвозяцца, рэзка вырастуць. Напрыклад, калі раней вы ўвозілі тэлевізар за 300 даляраў і плацілі 70 даляраў мытнай пошліны, дык зараз прыйдзецца заплаціць як мінімум 100 даляраў. Такім чынам, кошты на пабытовую тэхніку значна вырастуць. Да таго ж, новы ўказ не прывядзе да разгрузкі беларускіх складоў. Калі на першым этапе, жыхары будуць купляць танныя айчынныя тавары, дык ў выніку, не задаволіўшыся якасцю гэтага тавара, пяройдуць на імпарт. І ім прыйдзецца плаціць больш».

Нагадаем, што беларускі ўрад неаднаразова ініцыяваў падвышэнне ўвазных пошлінаў на спажывецкія тавары, матывуючы гэта неабходнасцю абароны ўнутраных вытворцаў і змяншэння адмоўнага сальда знешняга гандлю, рост якога ўзмацняе напружанасць на ўнутраным валютным рынку.

Апошнія навіны