BE RU EN

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» арыштаваны за пікет «Не новаму Чарнобылю» (Абноўлена)

  • 26.04.2009, 9:40

Брэсцкі актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Скрабец быў затрыманы 25 красавіка ў Лідзе.

Маладыя апазіцыянеры правялі ў горадзе пікет супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» разгарнулі на цэнтральнай плошчы расцяжку са словамі «Не новаму Чарнобылю». На месца правядзення пікету прыбылі супрацоўнікі міліцыі.

Былі затрыманыя трое маладых людзей, якія праводзілі акцыю супраць будаўніцтва беларускай АЭС. Двое з іх мясцовыя актывісты апазіцыі — Ганна Бунько, Яўген Рудой, трэці — з Брэста — Яўген Скрабец.

«Учора ўвечары мне патэлефанаваў Яўген Скрабец і паведаміў, што ў 19.38 іх затрымалі і даставілі ў Лідскі РАУС, — распавёў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк. — У адносінах іх былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па арт. 23.34 КААП (парушэнне ўсталяванага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў). Пасля 22.00 Ганну Бунько і Яўгена Рудога адпусцілі. Яўген Скрабец змешчаны ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў».

Ноч малады чалавек правёў у РУУС Ліды. Зараз сувязь з ім адсутнічае. Раман Кісляк не выключае, што суд над затрыманымі можа адбыцца 26 красавіка.

Вядома, што Яўген Скрабец збіраўся ехаць у Менск на акцыю «Чарнобыльскі Шлях – 2009». Хутчэй за ўсё, яго затрыманне з'яўляецца прэвентыўным, што часта практыкуюць улады перад акцыямі апазіцыі.

Апошнія навіны