BE RU EN

Ватыкан не каментуе ініцыятывы беларускага кіраўніка

  • 29.04.2009, 14:02

Ватыкан пакуль што афіцыйна не адрэагаваў на словы Аляксандра Лукашэнкі аб магчымасці хуткай сустрэчы ў Беларусі Патрыярха Маскоўскага Кірылы і Папы Рымскага Бенедыкта XVI.

Па словах крыніцы з Ватыкана, такія сустрэчы рыхтуюцца на вышэйшым царкоўным узроўні. Прадстаўнік Ватыкана на ўмовах ананімнасці таксама адзначыў, што, калі б такая сустрэча Папы і Патрыярха Кірылы адбылася, то хутчэй у Рыме або Маскве, перадае «Радыё Свабода».

Некалькі супярэчлівымі выглядаюць і некаторыя іншыя выказванні беларускага кіраўніка падчас ягонай ўчорашняй прэс-канферэнцыі ў Рыме. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнкі сказаў (і гэта перадалі беларускія тэлевізійныя каналы), што ягоная гутарка з Пантыфікам працягвалася нібыта 50 хвілін.

Па афіцыйнай інфармацыі Ватыкана, аўдыенцыя Лукашэнкі ў Папы 27 красавіка пачалася ў 11.00. Гэтая сустрэча разам з перакладам заняла 25 хвілін. Пасля а палове 12-ю Папа сустрэўся з аргентынскімі біскупамі. Аўдыенцыя працягвалася каля 40 хвілін. У 12:15 па графіку Папы прайшла галоўная сустрэча таго дня – афіцыйны прыём Пантыфіка ў гонар брытанскай каралеўскай сям'і: Чарльза, прынца Валійскага, і Камілы, герцагіні Карнуэльскай.

Тым часам, у прадстаўніцтве Рускай Праваслаўнай Царквы заяву беларускага кіраўніка аб «хуткай сустрэчы ў Менску» пракаментавалі стрымана, падкрэсліўшы, што такая падзея «не павінная вызначацца палітычнай кан'юнктурай».

Апошнія навіны