BE RU EN

Свіны грып набліжаецца да Беларусі?

  • 29.04.2009, 15:10

Першыя выпадкі падазрэння на свіны грып зарэгістраваныя ў Польшчы і Ўкраіне.

У Польшчы тры чалавекі знаходзяцца ў лякарнях з падазрэннем на «свіны грып». Аб гэтым «Еўрарадыё» паведаміў прэс-сакратар Галоўнай санітарнай інспекцыі Польшчы Ян Бондар.

«Двое пацыентаў ёсць у Варшаве і выпадак, які выклікаў найбольшае падазрэнне, – у Ольштыне. Усяго 3 чалавекі з падазрэннем, але пацверджання захворванняў пакуль няма».

Усе гэтыя людзі некалькі дзён таму вярнуліся з Мексікі. Адна жанчына нават мае мексіканскае грамадзянства. Калі яны сталі адчуваць сябе дрэнна, звярнуліся ў мясцовыя паліклінікі, адкуль і былі накіраваныя ў адпаведныя шпіталі. Адзін з гэтых выпадкаў, хутчэй за ўсё, не пацвердзіцца, таму што мужчына ляжыць у Варшаўскім шпіталі ўжо 13 дзён, а вірус свінога грыпу ў яго так і не выяўлены.

Таксама 29 сакавіка ў кіеўскім аэрапарту «Барыспаль» быў заблакаваны самалёт, які прыляцеў з Нью-Ёрка. На ягоным барту знаходзіцца чалавек з падазрэннем на свіны грып, паведамляе Lenta.ru са спасылкай на «Інтэрфакс».

Галоўны санітарны ўрач Украіны Мікалай Карніенка заявіў, што сярод пасажыраў ёсць грамадзянка ЗША, якая дрэнна сябе адчувае, у яе баліць галава. Па ягоных дадзеных, аб ейным недамаганні пілоты рэйса паведамілі на зямлю пры падлёце да «Барыспаля».

«Яна паскардзілася на галаўны боль, аднак тэмпература ў яе нармальная. Пакуль вырашаецца пытанне, ці пагодзіцца яна на ізаляцыю, ці не. Апыталі авіяпасажыраў, якія сядзелі побач з ёй, - сярод іх не было тых, хто скардзіўся на падвышаную тэмпературу», - распавёў Карніенка.

Дыягназ свіны грып у пасажыркі самалёта, які прыбыў у Кіеў з Нью-Ёрка, пакуль не пацвярджаецца.

Першы выпадак смерці чалавека ад свінога грыпу быў таксама зарэгістраваны сёння. У амерыканскім штаце Тэхас ад хваробы сканала двухгадовае дзіця. Аб гэтым паведамілі прадстаўнікі амерыканскіх улад.

Па дадзеных, апублікаваных Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, у ЗША зарэгістраваная самая вялікая колькасць хворых на свіны грып – 64 чалавекі, што амаль у два з паловай разы перавышае аналагічны паказчык у Мексіцы, якая лічыцца меркаваным асяродкам эпідэміі.

Адзначым, што Беларусь забараніла ўвоз мяса з Амерыкі і краін Еўропы з-за свінога грыпу. Часовыя абмежаванні будуць дзейнічаць на ўвоз жывёлагадоўчай прадукцыі і кормаў для свінняў і птушак з Мексікі, ЗША, Канады, Новай Зеландыі, Францыі, Іспаніі, Ізраілю, Вялікабрытаніі.

Захворванні на грып свінняў у Мексіцы і шэрагу іншых краін выкліканыя гібрыдам віруса грыпу тыпу A (H1N1), камбінацыя антыгенаў якога раней не сустракалася ў вірусах грыпу, якія выклікаюць захворванне людзей або свінняў. Вірус грыпу тыпу "А" прадстаўляе значную небяспеку ў эпідэміялагічным стаўленні, паколькі здольны да хуткай генетычнай змены. Усяго ў свеце пацверджана 105 выпадкаў захворвання на свіны грып. На паўночнаамерыканскім кантыненце акрамя ЗША і Мексікі шасцёра хворых зарэгістраваныя ў Канадзе. У Еўропе СААЗ пацвярджае чатыры выпадкі захворвання на свіны грып - два ў Вялікабрытаніі і два ў Іспаніі. У сераду раніцай аб трох выпадках захворвання свіным грыпам было паведамлена ў Германіі. Таксама трое хворых на свіны грып пражываюць у Новай Зеландыі і двое - у Ізраілі.

Вірус H1N1 прадстаўляе значную небяспеку ў эпідэміялагічным стаўленні, паколькі здольны да хуткай генетычнай змены. У хворых падвышаецца тэмпература, з'яўляюцца кашаль, насмарк, галаўны і мышачны боль, у некаторых выпадках адзначаюцца ванітаванне і дыярэя. 27 красавіка СААЗ падвысіла ўзровень пагрозу пандэміі свінога грыпу з трэцяга да чацвёртага па шасцібальнай шкале.

Апошнія навіны