BE RU EN

Антон Астаповіч: «Міліцэйская ахова Курапатаў аказалася неэфектыўнай»

  • 3.04.2009, 16:08

Вандалы некалькі гадзінаў раскопвалі магілы ў Курапатах, і ў гэтым ім не перашкодзіла міліцэйская ахова, якая павінна ахоўваць урочышча.

Увечары 2 красавіка актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ выявіў ва ўрочышчы дзве ямы памерам метр на метр і метр на два з паловай метры глыбінёй у чалавечы рост. З ямы выкінутыя чалавечыя косткі, рэчы. Да месца здарэння раніцай 3 красавіка прыехалі кіраўнікі КХП-БНФ, якія выклікалі нарад міліцыі, нагадвае БелаПАН.

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч сказаў, што 3 красавіка ва ўрочышчы на месцы раскапаных пахаванняў праходзіць экспертыза.

«Прыехала следчая група, эксперты – яны працуюць. Але зважаючы на тое, што практычна ніводная крымінальная справа па вандалізме ў Курапатах не была скончаная, у мяне вельмі слабая надзея, што і гэтая справа будзе даведзена да лагічнага канца»,-- заявіў Антон Астаповіч.

Пра мэты зламыснікаў грамадскі лідэр выказаў такое меркаванне:

«Тут можна думаць што заўгодна – ад нейкіх палітычных мэтаў, каб у чарговы раз апаганіць мемарыял, але, у першую чаргу, я думаю, гэта ўсёткі чорныя капальнікі, якія менавіта на костках дастаюць рарытэты».

Антон Астаповіч звярнуў увагу, што заява ДАІ пра ахову ўрочышча Курапаты засталася пакуль што толькі «на словах».

«Каб выкапаць гэтыя шурфы, — кажа Астаповіч, — трэба некалькі гадзінаў працы. Такім чынам, нягледзячы на прадэклараваную праваахоўнымі органамі ахову Курапатаў сіламі патрульна-паставой службы і экіпажамі ДАІ, якія патрулююць трасу Калодзішчы — Заслаўе, такая міліцэйская ахова аказалася зусім неэфектыўнай».

Апошнія навіны