Кіраўнік МУС адпраўлены ў адстаўку (Абноўлена, відэа, фота)
- 6.04.2009, 13:58
Аляксандр Лукашэнка прыняў адстаўку міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава. Афіцыйная прычына -- па стане здароўя.
Уладзімір Навумаў адзін са «старажылаў» беларускай уладнай сістэмы. Міністрам унутраных справаў ён быў з верасня 2000 года. Да гэтага з'яўляўся камандзірам спецыяльнага падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз", начальнікам Службы бяспекі прэзідэнта Беларусі.
Ужо некалькі гадоў Уладзімір Навумаў занесены ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ і ЗША і чые фінансавыя актывы замарожаныя. Нароўні з былымі сакратаром Савета Бяспекі Віктарам Шэйманам, камандзірам спецназа ўнутраных войскаў Дзмітрыем Паўлічэнкам і былым міністрам унутраных справаў Юрыем Сіваковым ён падазраецца міжнароднай супольнасцю ў датычнасці да выкраданняў і забойстваў лідэраў апазіцыі.
У бытнасць міністрам ўнутраных справаў Уладзімір Навумаў уславіўся тым, што часта асабіста прысутнічаў на акцыях пратэсту апазіцыі і камандаваў разгонам і збіццём удзельнікаў мірных дэманстрацыяў. Гэта, дарэчы, добра відаць на гэтых фота і відэа:
Відэа "Комсомольской правды в Беларуси"
Апошняя нашумелая ініцыятыва Навумава – правядзенне ўсеагульнай дактыласкапіі насельніцтва. Такім чынам міністр збіраўся знайсці вінаватага ў выбуху, які прагрымеў у Менску 4 ліпеня 2008 года на афіцыйны Дзень незалежнасці. Дарэчы тады, нягледзячы на тое, што выбух прагрымеў на мерапрыемстве з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, Навумаў пасадай не паплаціўся, а застаўся на сваім месцы.
Афіцыйная прычына адстаўкі Навумава выклікае здзіўленне – Навумаў узначальвае Беларускую федэрацыю хакея, актыўна займаецца спортам. Так, напрыклад, нядаўна ён прапанаваў правесці ў Менску хакейны турнір, які мусіў доўжыцца 24 гадзіны без перапынку. З'яўляючыся кіраўніком МУС, Навумаў праходзіў пешшу дыстанцыі па 100 кіламетраў, абстаўляючы гэта як сапраўднае шоў з удзелам чыноўнікаў МУС і журналістаў. Таму ў фармулёўку «адпраўлены ў адстаўку па стане здароўя» слаба верыцца.
Да афіцыйнага прызначэння Аляксандрам Лукашэнкам новага кіраўніка МУС часова выконваць абавязкі міністра ўнутраных справаў будзе генерал-маёр міліцыі Анатоль Куляшоў, які раней быў намеснікам міністра МУС.