BE RU EN

Мікалай Статкевіч: «Адстаўка Навумава – гэта вайна кланаў»

  • 6.04.2009, 14:54

Старшыня аргкамітэта па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч лічыць, што адстаўка міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава звязаная з канфліктам ва ўладных структурах.

«Вядома, у першую чаргу, гэта вайна кланаў, -- заявіў Мікалай Статкевіч у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97. – Група, якая сфармавалася вакол сына Лукашэнкі, Віктара, пачынае займаць асноўныя «сілавыя» пасады. Мы назіралі, як пасля тэрарыстычнага акту 4 ліпеня ў Менску быў зняты дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман. Хаця непасрэдную адказнасць за тэракт нясе старшыня КДБ, які быў падвышаны ў званні, і стаў дзяржсакратаром. Зараз прыйшоў час «зняць» Навумава».

Па словах Мікалая Статкевіча, афіцыйная версія пра сыход Навумава ў адстаўку «па стане здароўя» з'яўляецца «прыёмам любой празрыстай недэмакратычнай краіны».

«Адстаўку Навумава афіцыйна могуць падаць, як заўгодна, -- заяўляе Мікалай Статкевіч. -- Я думаю, што яшчэ варта чакаць выступу Лукашэнкі, дзе ён ускладзе на Навумава адказнасць за нераскрыццё тэракту ў афіцыйны Дзень незалежнасці, хаця паўтаруся, што адказнасць за гэта павінен несці старшыня КДБ. Навумаў не належыў да клана Шэймана, ён лічыўся там лібералам. Але, відаць, клану Віктара Лукашэнкі, спатрэбілася месца Навумава. Усё роўна, так ці інакш, рашэнне ў нашай краіне прымае толькі адзін чалавек. І з гэтага пункту гледжання, давер да роднага сына большы, чым да каго-небудзь іншага. А афіцыйная версія пра сыход па стане здароўя не з’яўляецца чымсці новым. Як правіла, гэта прыем любой празрыстай недэмакратычнай краіны. У СССР усе высокапастаўленыя чыноўнікі сыходзілі з прычыны стану здароўя. Хаця на самой справе там ішла сапраўдная прыхаваная барацьба кланаў».

Апошнія навіны