В.а. кіраўніка МУС Беларусі стаў Анатоль Куляшоў
- 6.04.2009, 15:24
Да афіцыйнага прызначэння Аляксандрам Лукашэнкам новага кіраўніка МУС часова выконваць абавязкі міністра ўнутраных справаў будзе генерал-маёр міліцыі Анатоль Куляшоў.
Пра гэта агенцтву БелаПАН паведамілі ў МУС. У Уладзіміра Навумава, адстаўку якога прыняў Аляксандр Лукашэнка, Анатоль Куляшоў быў першым намеснікам.
Нагадаем, што 6 красавіка Лукашэнка прыняў адстаўку міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава. Афіцыйная прычына -- па стане здароўя.
Уладзімір Навумаў - адзін са «старажылаў» беларускай уладнай сістэмы. Міністрам унутраных справаў ён быў з верасня 2000 года. Да гэтага з'яўляўся камандзірам спецыяльнага падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз», начальнікам Службы бяспекі прэзідэнта Беларусі.
Ужо некалькі гадоў Уладзімір Навумаў занесены ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ і ЗША і чые фінансавыя актывы замарожаныя. Нароўні з былымі сакратаром Савета Бяспекі Віктарам Шэйманам, камандзірам спецназа ўнутраных войскаў Дзмітрыем Паўлічэнкам і былым міністрам унутраных справаў Юрыем Сіваковым ён падазраецца міжнароднай супольнасцю ў датычнасці да выкраданняў і забойстваў лідэраў апазіцыі.