Ці існуе ў Германіі адзіная пазыцыя ў дачыненьні да Беларусі?
- 7.04.2009, 14:18
Учора ў Менску ў беларуска-нямецкім адукацыйным цэнтры IBB адбыўся чацьвёрты дыспут памяці Ёханэса Раў «Рэгіянальнае супрацоўніцтва ў Эўропе». На ім выступіў прэм’ер-міністар зямлі Брандэнбург ФРГ Маціяс Плятцэк.
Прэм’ер-міністар фэдэральнай зямлі Брандэнбург прыбыў у Менск на запрашэньне міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава, які ў лютым наведаў Патсдам. Аднак на дыспут, дзе госьць выступіў з дакладам, спадар Мартынаў не зьявіўся.
Як паведамляе сайт Партыі БНФ, ні амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Ўладзімер Скварцоў, які, дарэчы, спазьніўся на адкрыцьцё імпрэзы, ні арганізатары не змаглі патлумачыць прычыну нечаканага ігнараваньня дыспуту міністрам замежных спраў.
З гэтай нагоды ў прывітальнай частцы свайго выступу, тэкст якога быў распаўсюджаны загадзя, амбасадар Нямеччыны Гебхард Вайс мусіў зрабіць пэўныя зьмены. Ён таксама нагадаў, што падчас візыту спадара Плацэка, два гады таму, стаяла пытаньне, ці ўдасца адчыніць новы разьдзел у беларуска-нямецкіх стасунках і дачыненьнях паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. А сёньня ўжо «прынцыпова новая фаза разьвіцьця, якая хутка прывядзе Беларусь ва Усходняе партнэрства».
«Разам з тым вы прыбылі ў пэрыяд, калі яшчэ растучыя, недастаткова стабільныя надзеі адносна Беларусі ўсё яшчэ змагаюцца са скептыцызмам, апраўданым мінулым. Мы адчуваем гэта ў палітычных дыскусіях у Нямеччыне, Эўразьвязе, але найперш тут у Беларусі. Таму цяпер і надышоў час, калі толькі шляхам пасьлядоўных, станоўчых і канструктыўных дзеяньняў усіх актораў такі скэптыцызм можа згубіць сваю ўрадлівую глебу і такім чынам надзеі могуць стаць упэўненасьцю і крок за крокам — рэальнасьцю», -- сказаў Вайс.
Пасол адзначыў, што гэты неабходны працэс найперш у руках Беларусі і яе элітаў. Але ў гэтай сытуацыі Нямеччына і Эўразьвяз «больш гатовыя да супрацоўніцтва, чым калі-небудзь ранней».
«Ёсьць сыгналы, што шлях туды і хуткасьць руху Беларусь вызначыць сама ў варунках сыстэмы дэмакратычнай самапавагі, якая лібэралізуецца. Для гэтага складанага працэсу ёсьць новыя шансы і яны патрабуюць ад усіх нас новых адказаў, але і цярпеньня», -- сказаў Вайс.
Свой выступ прэм’ер-міністар Плятцэк пачаў з таго, што нагадаў пра ўручэньне ў Бэрліне ў сьнежні мінулага года прэміі ў галіне правоў чалавека старшыні БАЖ Жане Літвіной. Ён згадаў пра свой вопыт ва Ўсходняй Нямеччыне, які можа спатрэбіцца для наладжваньня супрацоўніцтва зь Беларусьсю і выказаў надзею, што Беларусь усё больш адкрыецца Эўропе. І нагадаў пра фундамэнт асноўных эўрапейскіх каштоўнасьцяў.
«Спэцыфіка сытуацыі ў Беларусі, і мы гэта ўсьведамляем у Нямеччыне, і мой вопыт у ГДР гавораць пра тое, што дапаможа для зьмены сытуацыі ў лепшы бок. Што ўрэшце больш дапаможа. Абарваць дыялёг, абыходзіцца адзін без аднаго ці з пэўнай рызыкай спрабаваць весьці дыялёг і спрабаваць даць яму пэўны накірунак. Я лічу, што другі шлях лепшы для ўсіх бакоў», - сказаў Плятцэк.
У дыспуце бралі ўдзел апазыцыйныя палітыкі — Аляксандар Мілінкевіч, Мікола Стакевіч, Аляксей Кароль і іншыя. Першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне, сябра Сойму Партыі БНФ Пятро Садоўскі апавёў пра дэлегацыю, якая прыбыла зь нямецкага горада Эсьлінген, пабраціма Маладэчна, каб ушанаваць памяць Генадзя Карпенкі. Аднак яе ўлады Маладэчна палічылі непажаданай і, фактычна, не пусьцілі ў горад. Спадар Садоўскі меркаваў спытаць пра гэта ў афіцыйных прадстаўнікоў беларускага боку, якія павінны былі быць на імпрэзе з пункту гледжаньня «сымэтрыі і паліткарэктнасьці». Таксама ён працытаваў інтэрвію немецкага амбудсмэна Гюнтэра Нооке, у якім той гаворыць пра няслушны падыход да супрацы зь Беларусьсю, і спытаў, ці існуе адзінства ва ўладных структрах Нямеччыны адносна Беларусі. На гэта спадар Плацэк запэўніў, што ўсе прытрымліваюцца адной думкі і адзіную пазыцыю адлюстроўвае Брусэль.
Пятро Садоўскі распавёў, што камэнтуючы той факт, што дэлегацыю з Эсьлінгера не пусьцілі ў Маладэчна, прэм'ер-міністр Плятцэк сказаў: «Дзень сьцёрлі, лапці зьдзерлі і не спавядаліся».