BE RU EN

Апазіцыя Малдовы захапіла рэзідэнцыю прэзідэнта і парламент (Фота, відэа)

  • 7.04.2009, 15:28

Нязгодная з вынікамі выбараў апазіцыя ўзняла над рэзідэнцыяй прэзідэнта сцяг Еўразвяза.

Прыхільнікі апазіцыі, якія 7 красавіка прынялі ўдзел у масавых акцыях у Кішынёве, уварваліся ў будынак прэзідэнцкай рэзідэнцыі, паведамляе РИА Новости. Яны ўзнялі над уваходам у прэзідэнцкую рэзідэнцыю сцяг Румыніі, а на шпілі над будынкам - сцяг Еўразвяза.

Паводле дадзеных, што паступаюць з Кішынёва, былі падпаленыя першыя паверхі будынку парламента. Праўда, пратэстоўцы выпусцілі з будыныка супрацоўнікаў паліцыі, якія знаходзіліся ўнутры. Паліцэйскія і ахова будынка парламента выйшлі праз “жывы калідор”.

Маніфестанты поўнасцю абкружылі будынак парламента і рэзідэнцыю прэзідэнта, захоўваючы кантроль над гэтымі будынкамі. Яны не пусцілі паліцыянтаў, якія хацелі вярнуцца ў будынак, і падпалілі некалькі аўтамабіляў паліцыі.

Цэнтр Кішынёва ператварыўся ў поле бойкі. Адбываюцца сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй - мітынгоўцы закідалі камянямі пажарную машыну, якая прыехала да абкладзенага будынка парламента і рэзідэнцыі прэзідэнта, і атрад спецназа паліцыі.

Яны паляць чырвоныя сцягі кіроўнай партыі камуністаў і скандуюць антыкамуністычныя лозунгі. Цэнтр горада перакрыты, туды накіроўваюцца атрады паліцыі, колькасць дэманстрантаў расце.

Ужо з'явіліся ахвяры беспарадкаў. Паводле інфармацыі апазіцыйнай журналісткі, супрацоўніцы The New Times Наталлі Марар, як мінімум адзін чалавек загінуў.

Адначасова дзяжурны ўрач кішынёўскага шпіталя хуткай дапамогі Юры Базылюк паведаміў, што да іх дастаўленыя больш за 30 пацярпелых.

«Сярод іх ёсць і паліцыянты, і маладыя людзі з ліку ўдзельнікаў маніфестацыі. Ва ўсіх у іх траўмы рознай ступені цяжкасці, ёсць і цяжка параненыя», - сказаў ён.

У той жа час лекар абверг інфармацыю пра тое, што ёсць адзін загінулы. «Гэта няпраўда. Хтосьці наўмысна распускае такія чуткі. Ёсць і цяжка параненыя, але пагрозы жыцця для кагосьці з пацярпелых не існуе», - заявіў Базылюк.

Як паведамляюць РИА Новости, малдаўскія карабінеры (унутраныя войскі) ужылі светлашумовыя гранаты супраць удзельнікаў масавых беспарадкаў, якія распачалі новую спробу захапіць будынак парламента. Вакол будынку стаялі вайскоўцы. У натоўпе былі чутныя 10-15 гучных хлапкоў. Да парламента пад'ехалі тры машыны хуткай дапамогі, якія эвакуююць параненых.

Як стала вядома, абраны на днях прэзідэнт Уладзімір Варонін склікаў экстранае паседжанне ўрада для абмеркавання сітуацыі, якая склалася ў Кішынёве. У ім прынялі ўдзел Варонін, спікер парламента Марыян Лупу і прэм'ер Зінаіда Грэчаная.

Раней у некаторых СМІ з'явілася інфармацыя, што, магчыма, Варонін пакінуў межы краіны. Аднак прэс-служба прэзідэнта абвергла гэтую інфармацыю.

Нагадаем, што малдаўская апазіцыя аспрэчвае вынікі парламенцкіх выбараў, якія адбыліся ў нядзелю, і патрабуе поўнага пераліку галасоў. Як паведамлялася, на выбарах перамагла кіруючая партыя камуністаў.

Агенцтва Moldpres між тым паведамляе, што пратэсты ўзніклі не стыхійна. Да іх заклікала апазіцыйная прэса - у прыватнасці, газета "Timpul", якая падчас перадвыбарчай кампаніі падтрымлівала палітычныя фармаванні Улада Філата, Міхая Гімпу і Серафіма Урэкяна. На яе старонках утрымліваюцца заклікі да масавых выступленняў і гвалту.

Так, у артыкуле "Заўтра будзе занадта позна", у якой аўтар заклікае чытачоў не прызнаваць законнасць вынікаў выбараў, кажацца: "У гэты раз нашаму цярпенню павінен прыйсці канец. Надыйшоў час нам усім усвядоміць, што лепш памерці прыгожа, чым жыць, як у трызненні. Калі адзін з нас памрэ ў бойцы, тады тысячы ўзнімуцца"

Видео «Комсомольская правда - Молдова»

Фото «Комсомольская правда - Молдова»

Фото «Комсомольская правда - Молдова»

Фото «Комсомольская правда - Молдова»

Фото «Комсомольская правда - Молдова»

Апошнія навіны