Беларускія ўлады залазяць у непад'ёмныя даўгі
- 8.04.2009, 10:30
У Менску пачала працу місія Сусветнага банку, якая вырашыць, ці задаволіць просьбу Беларусі аб вылучэнні пазыкі.
Па дадзеных СМІ, беларускі бок папрасіў у гэтага фінансавага інстытута 1 мільярд даляраў.
Прадстаўнікі СБ прабудуць у Менску да 21 красавіка. Яны абмяркуюць з уладамі Беларусі падрыхтоўку працэсу «магчымага вылучэння пазыкі на мэты развіцця». У паведамленні беларускага офіса СБ гаворыцца аб тым, што рашэнне будзе вынесенае па выніках сустрэч прадстаўнікоў місіі з прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання, справавых і акадэмічных колаў, а таксама іншымі арганізацыямі-донарамі, піша «Независимая газета».
Аб суме пазыкі і ўмовах яе прадастаўлення не паведамляецца. У той жа час офіс СБ удакладняе, што ў адпаведнасці са статутам арганізацыі пазыкі на мэты развіцця прадстаўляюць сабой «незвязанае фінансаванне бюджэту ў падтрымку ўзаемна ўзгодненай праграмы рэформаў, нацэленай на дасягненне шэрагу канкрэтных вынікаў развіцця». Таксама тлумачыцца, што пазыка на мэты развіцця вылучаецца адносна хутка, але «пасля выканання пазычальнікам узгодненых умоваў вылучэння транша». Падрыхтоўка пазыкі праходзіць пры ўзгадненні з іншымі арганізацыямі-донарамі і, у прыватнасці, Міжнародным валютным фондам (МВФ).
Нагадаем, што МВФ у канцы мінулага года ўхваліў вылучэнне Беларусі крэдыту на 2 млрд. дал., 800 млн. з якога ўжо паступілі ў краіну. Крэдыт быў прадстаўлены пад пэўную праграму. Ейны змест не апавяшчаўся. Асноўныя пункты станавіліся вядомыя па меры іх рэалізацыі. Галоўным патрабаваннем МВФ была дэвальвацыя беларускага рубля, якая была праведзеная аднамомантава 2 студзеня і склала 20%. Акрамя таго, у праграме быў шэраг пунктаў па лібералізацыі гаспадарчага заканадаўства. У прыватнасці, урад Беларусі павінен быў адмяніць цвёрдае рэгуляванне коштаў, якое выяўлялася ў давядзенні суб'ектам лімітавага індэксу падвышэння коштаў. Па патрабаванні МФВ не адбылося запланаванае на лістапад падвышэнне заробку бюджэтнікам.
Абмяркоўваючы магчымую суму пазыкі, эксперты ўзгадваюць, што яшчэ ў студзені кіраўнік Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч у дачыненні да СБ казаў аб 1 млрд. дал. Па меркаванні беларускага эканаміста, кіраўніка аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леаніда Заікі, гаворка можа ісці аб 1,5–3 млрд. дал.
Пры гэтым у Беларусі ўжо з 2007 года, з моманту падвышэння коштаў на газ і нафту, надзвычай складаная сітуацыя са знешнегандлёвым сальда. Экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч у сваім каментары падкрэсліваў, што менавіта з гэтага перыяду пачаўся крызіс у беларускай эканоміцы. Сусветны крызіс сітуацыю пагоршыў, а развязку паскорыў. «Беларусь актыўна закрэдытоўваецца, каб акрыць гандлёвы дэфіцыт», – сцвярджае ён.
Незалежныя эксперты, у адрозненні ад дзяржаўных, якія строчаць запыты аб крэдытах у міжнародныя арганізацыі і Расею, лічаць такія крокі прыкметай слабасці эканамічнай палітыкі цяперашняй улады і яе няздольнасці вырашыць узніклыя праблемы. Па іх меркаванні, узноўленая ў Беларусі савецкая мадэль эканомікі няздольная вырабляць канкурэнтны на знешніх рынках тавар у тым аб'ёме, які выраўнаваў бы гандлёвы баланс. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка па-ранейшаму адмоўна ставіцца да рынкавых рэформ, у прыватнасці, да прыватызацыі. Гэта прыводзіць да таго, што аплатны баланс краіны нельга выраўнаваць за кошт продажу замежным інвестарам уласнасці. А усё гэта, у сваю чаргу, кажа аб тым, што перспектыва вяртання набраных крэдытаў даволі зманлівая.